Скотленд-Ярд назваў імёны двух расіян, падазраваных у атручванні Скрыпаляў

Скотленд-Ярд назваў імёны двух расіян, падазраваных у атручванні Скрыпаляў

Брытанская паліцыя назвала імёны двух расіян, падазраваных у атручванні расійскага перабежчыка Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі. У заяве, на якую спасылаецца Бі-Бі-Сі, гаворыцца, што ёсць падставы для абвінавачвання Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава ў змове з мэтай забойства ў Солсберы з дапамогай атрутнага газу.

Праўда, Скотленд-Ярд прызнае, што імёны абвінавачаных хутчэй за ўсё несапраўдныя. 

Брытанская пракуратура выдала еўрапейскі ордар на арышт названых расіян, але запыту пра іх экстрадыцыю не будзе. Гэта звязана з тым, што расійская канстытуцыя не дапускае экстрадыцыі ўласных грамадзян. 

Былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачку Юлію атруцілі 4 сакавіка ў Солсберы. Эксперты выявілі, што яны былі атручаныя распрацаваным у Расіі нервова-паралітычным рэчывам "Навічок".

Гэты інцыдэнт выклікаў дыпламатычны крызіс: Лондан выслаў 23 расійскіх дыпламатаў, Масква адказала тым самым. Дзясяткі краін падтрымалі Брытанію, абвясціўшы пра высылку расійскіх дыпламатаў.

30 чэрвеня ў мястэчку Эймсберы каля Солсберы шпіталізавалі 44-гадовую Дон Стэрджэс, якая атрымала дозу нервова-паралітычнага рэчыва. Яна памерла 8 ліпеня. Яе прыяцель 45-гадовы Чарлі Роўлі таксама быў атручаны, але выжыў. Спецыялісты прыйшлі да высновы, што Стэрджэс таксама загінула ад "Навічка".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі