Следчых і эксперта з Мядзела асудзілі за збітую дзяўчыну
Маладзечанскі суд прызнаў вінаватымі ў перавышэнні паўнамоцтваў чатырох следчых з Мядзела і эксперта. Мужчыны атрымалі тэрміны ад трох да чатырох гадоў, жанчын былі прызнаныя вінаватымі, але адпушчаныя ў зале суда, піша tut.by.
Старшы следчы Максім Валеўка асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі, начальнік Мядзельскага раённага Следчага камітэта Аляксандр Штур — на 3,5 года, яго намеснік Міхаіл Сакалдынскі — на 3 гады. Усе яны будуць адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яшчэ пяць гадоў ім нельга працаваць у органах, былых супрацоўнікаў Следчага камітэта пазбавілі званняў.
Па тры гады пакарання атрымалі следчая Ганна Сакалдынская і эксперт Алена Кабіценка, але з адтэрміноўкай выканання на два гады. Яны застануцца на волі, калі за час адтэрміноўкі зноў не парушаць закон.
Да суда ўсе яны паўгода знаходзіліся пад вартай.
Нагодай для суда стаў інцыдэнт, які адбыўся ў лютым 2018 года. У міліцыю звярнулася 21-гадовая Вольга Даўжук з заявай пра крадзеж мабільніка. Потым дзяўчына высветліла, што забыла тэлефон у сяброўкі пасля дыскатэкі.
Па версіі абвінавачання, старшы следчы Максім Валеўка два разы стукнуў дзяўчыну гумовай палкай. Пазней яна знайшла ў сябе на целе сіняк і распавяла родным, а тыя звярнуліся ў праваахоўныя органы.
Трое супрацоўнікаў Следчага камітэта, як сцвярджала абвінавачанне, дапамаглі калегу замяць справу пра ўжыванне гвалту, а эксперт падрабіла вынікі экспертызы.
Дарэчы, сама пацярпелая прызнавалася, што пасля вечарынкі, дзе яна выпіла, памятае не ўсё, што адбылося пад раніцу. Дзяўчына казала, што не мае прэтэнзій да абвінавачаных. Расследаваннем справы займаліся супрацоўнікі КДБ.