Служба бяспекі Украіны паведаміла, што затрымала агента КДБ з Беларусі

Служба бяспекі Украіны паведаміла, што затрымала агента КДБ з Беларусі

Украінская контрразведка паведаміла пра затрыманне грамадзяніны Беларусі за " разведвальную дзейнасць на шкоду дзяржаўнай бяспецы краіны", перадае прэс-служба СБУ.

Беларуса затрымалі на тэрыторыі Валынскай вобласці. Паведамляецца, што яго завербаваў Камітэт дзяржбяспекі Беларусі і заслаў на тэрыторыю Украіны, каб збіраць звесткі пра памежныя тэрыторыі.

Прэс-служба СБУ ўдакладняе, што задачай шпіёна былі звесткі пра абароненасць украінскай мяжы, парадак аховы, тэхнічнае абсталяванне і колькасць асабовага складу. Таксама ён павінен быў збіраць кампрамат на памежнікаў і мытнікаў. Беларус спрабаваў вербаваць украінскіх вайскоўцаў, каб атрымаць доступ да сакрэтнай інфармацыі.

У СБУ сцвярджаюць, што беларускі шпіён спрабаваў арганізаваць каналы перапраўкі ў Беларусь зброі і тавараў двайнога прызначэння.

"Атрыманыя контрразведкай СБУ звесткі сведчаць пра тое, што гэтая дзейнасць сярод іншага мела на мэце арганізацыю правакацый і стварэння інфармацыйных падстаў для абвінавачванняў Украіны ў нібыта пастаўках зброі для дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь", — заяўляюць ва ўкраінскай спецслужбе.

Памежная служба Украіны ўдакладняе, што беларускага грамадзяніна затрымалі падчас чарговага прыезду для сустрэчы з нібыта завербаваным памежнікам.

СБУ апублікавала відэа, на якім мужчына з размытым тварам і змененым голасам расказвае, як пазнаёміўся з прадстаўніком беларускіх спецслужбаў і чым той цікавіўся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі