СМІ паведамілі пра смерць прэзідэнта Туркменістана
21 ліпеня тэлеграм-каналы, а за імі і некаторыя СМІ паведамілі пра смерць прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава. Расійскае выданне “Говорит Москва” піша пра гэта са спасылкай на палітолага, дырэктара Цэнтра маніторынгу еўразійскіх праблем Аслана Рубаева. Ён, у сваю чаргу, спасылаецца на крыніцы ў Ашхабадзе.
Паводле Рубаева, інфармацыю пра смерць Бердымухамедава атрымалі ад спецслужбаў прадстаўнікі бізнес-колаў Туркменістану. Нібыта прэзідэнт памёр ад вострай ныркавай недастатковасці.
Па розных звестках, ці то з 15, ці то з 18 ліпеня Бердымухамедаў знаходзіўся ў адпачынку. Яго самалёт апошнімі днямі быў заўважаны ў Нямеччыне, а ўчора знік з флайт-радара.
Пра смерць Бердымухамедава таксама паведаміў Тэлеграм-канал El Murid, які спецыялізуецца на асвятленні падзеяў у арабскіх краінах. Там спасылаюцца на неназваную туркменскую апазіцыю. Напярэдадні апазіцыйны YouTube-канал “Вольны Туркменістан” таксама паведаміў, што Бердымухамедаў памёр. Там назвалі дату 20 ліпеня.
Афіцыйнага пацверджання інфармацыі няма. Туркменістан з’яўляецца надзвычай закрытай краінай.
Туркменістан звязаны з Беларуссю буйным праектам будаўніцтва Гарлыцкага горна-ўзбагачальнага камбінату па выпуску калійных угнаенняў магутнасцю 1,4 млн тон на год. Агульная сума кантракта складае 1 мільярд долараў. Будаўніцтвам займалася кампанія “Белгорхімпрам”.
Сёлета ўвесну канцэрн “Туркменхімія” выставіў у Арбітражны інстытут пры Гандлёвай палаце горада Стакгольма факты невыканання беларускім бокам сваіх кантрактных абавязанняў. Туркменістан патрабаваў кампенсацыі стратаў, бо комплекс не выйшаў на магутнасці, заяўленыя ў кантракце, нават на 5%.
Мінск у сваю чаргу раней заяўляў, што Туркменістан мае пратэрмінаваную запазычанасць перад беларускімі кампаніямі, у выніку чаго бюджэт краіны недаатрымаў каля 200 мільёнаў долараў.