Спецдакладчык ААН заявіў пра сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі
Жорсткі пераслед мірных дэманстрантаў у Беларусі ў лютым-сакавіку 2017 году — гэта праява цыклічнага характару задушэння правоў чалавека ў краіне. З такой заявай у Жэневе на сесіі Савета ААН па правах чалавека выступіў 14 чэрвеня спецдакладчык па Беларусі ААН Міклаш Харасці. Ён абнародаваў справаздачу аб сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне. На думку Харасці, у выніку судоў у Беларусі могуць з'явіцца новыя палітвязні, перадае "Нямецкая хваля".
Занепакоенасць спецдакладчыка ААН выклікала рэакцыя беларускіх уладаў на мірныя пратэсты супраць "антыдармаедскага" дэкрэта №3. Па яго словах, з часу сакавіцкіх пратэстаў больш за 1000 чалавек спазналі розныя формы рэпрэсіяў за свой удзел у акцыях пратэсту. "Сакавіцкая хваля масавых затрыманняў апынулася самай суровай з часоў рэпрэсій, якія адбыліся пасля выбараў у снежні 2010 года", — адзначыў Харасці.
Таксама ён звярнуў увагу на тое, што беларускія ўлады зноў звярнуліся да практыкі прэвентыўных затрыманняў, ад якой адмовіліся ў 2015 годзе напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.
У сваёй справаздачы Харасці адзначыў дыскрымінацыю жанчын, прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў, інвалідаў і рэлігійных груп. Асобна ён згадвае новыя выпадкі смяротнага пакарання: Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, якая ўжывае гэтую меру.
Спецдакладчык ААН лічыць, што гэтай арганізацыі варта і надалей захоўваць цяперашні ўзровень кантролю за выкананнем у Беларусі правоў чалавека, "асабліва з улікам рэакцыі ўладаў на нядаўнія дэманстрацыі".
МЗС Беларусі ўжо раней назваў даклад Харасці ангажаваным і бескарысным. Афіцыйны Мінск не прызнае мандат спецдакладчыка ААН.