“Спроба скінуць помнік Леніну і ў Мінску была, але неяк тады не атрымалася”
Пра сумны лёс кіеўскага Леніна і цьмяныя перспектывы беларускіх помнікаў разважаюць Адам Глобус, Лявон Вольскі, Сяргей Калякін і мінакі з Ульянаўскай.
8 снежня 2013 года ў Кіеве дэманстранты скінулі з пастамента помнік Леніну. Шматтонная статуя абрынулася ўніз галавой. Ільіча некалькі гадзінаў “дабівалі” кувалдамі.
Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін называе адказных за гэты ўчынак вандаламі і бандытамі:
“Тыя, хто зносяць помнікі, пасля пачынаюць знішчаць іншадумцаў. Таму я да гэтага стаўлюся вельмі адмоўна і лічу, што гэта ў вачах шмат каго з украінцаў не дадало папулярнасці арганізатарам Еўрамайдана. На маю думку, ім трэба ад гэтага як мага хутчэй адхрысціцца”.
На думку палітыка, знос помніка наўпрост супярэчыць імкненню Украіны падпісаць пагадненне аб асацыяцыі з Еўрасаюзам, бо “Еўрапейскі саюз не з’яўляецца зборышчам вандалаў”. “Там паважаюць законнасць і плюралізм. А гэта нічога агульнага не мае з дзеяннямі фашыствуючых баевікоў з аб’яднання “Свабода”, якія, наколькі я ведаю, былі арганізатарамі і выканаўцамі гэтага акта вандалізму”, — дадае Сяргей Калякін.
Абараняе права правадыра сусветнага пралетарыяту стаяць там, дзе заўгодна, пісьменнік Адам Глобус. Ён прыгадвае, як правакатары ў пачатку 1990-х спрабавалі скінуць галоўнага беларускага Леніна з пастамента на мінскай плошчы Незалежнасці:
“Нельга так скідаць помнікі. Ні ў якім разе. Спроба так скінуць помнік Леніну і ў Мінску была, і нават нехта ўжо залез з вяроўкай на помнік, каб накінуць пятлю, але неяк не атрымалася ў той раз”.
Пасля гэтай спробы пісьменнік доўга спрачаўся са Станіславам Шушкевічам і Сяргеем Дубаўцом, трэба скідаць Леніна ці не. “Але я быў супраць, і вось чаму. Помнік ахоўвае людзей, каб яны не забівалі адно аднаго. Іх злосць накіраваная на помнік. Яго можна апляваць, пафарбаваць, развярнуць у іншы бок. Але ён ратуе ад крыві. Калі скідаецца помнік, гэта значыць, заўтра там пальецца кроў”.
Лявон Вольскі лічыць наяўнасць/адсутнасць помніка Леніну ў Кіеве асабістай справай украінцаў. Лідар “Крамбамбулі” прызнаецца Еўрарадыё, што аднойчы ў туры па Беларусі фатаграфаваў помнікі Леніну ў кожным райцэнтры, куды заязджаў гурт. Вядома, не з вялікай павагі да Ільіча.
Лявон Вольскі: “Дзіўна, што іх у пачатку 1990-х не паскідалі. Гэта вялікая памылка. Трэба было ўсё паскідаць і пакаяцца за злачынствы камуністычнага рэжыму. А так… Цяпер мы і нясём на сабе гэта ўсё, працягваем. Трэба было іх арганізавана скінуць, дэмантаваць і зрабіць… парк скульптураў”.
Нічога добрага ў тым, што леніны і дзяржынскія працягваюць стаяць на беларускіх плошчах, няма, — лічыць музыка. Але і дзеянні “ўкраінскіх баевікоў” не ўхваляе.
Тым часам у Беларусі застаецца больш за 100 помнікаў Леніну. У Мінску, напрыклад, іх тры. Еўрарадыё запыталася ў мінакоў на вуліцы Ульянаўскай, ці варта іх зносіць. Еднасці сярод людзей няма:
“Залежыць ад каштоўнасці помніка з гледзішча мастацтва. Большасць, я думаю, варта знесці. А з пункту гледжання гісторыі — звезці іх у які-небудзь музей пад адкрытым небам — і няхай бы там стаялі”.
“Увогуле я лічу, што як мінімум адзін помнік мусіць стаяць. Гэта гісторыя, яе трэба ведаць. Ну, а калі там у Кіеве нейкі лішні помнік Леніну застаўся…”
“Гэта наша гісторыя. Я лічу, што не трэба зносіць”.
“Пачытайце “Сабор Парыжскай Божай Маці”. Там сказана, як трэба з непажаданымі помнікамі абыходзіцца. Стаяў там помнік каралю, не памятаю якому. І людзі, якія ненавідзелі яго, білі яйкі аб яго нос. Гэтым яны выяўлялі сваё стаўленне. Помнік, калі яго паставілі, мусіць стаяць. Нашае стаўленне да яго — іншая справа”.