Стала вядома, хто сапсаваў карціну вучаніцы Малевіча ў "Ельцын-цэнтры"
Псаванне карціны заўважылі наведвальнікі / "Ельцын-цэнтр"
Карціну Ганны Ляпорскай "Тры постаці" сапсаваў ахоўнік "Ельцын-цэнтра", дзе выстаўлялася гэтая праца. Пра гэта паведамляе "Новая газета".
Зламысніка знайшлі дзякуючы камерам відэаназірання.
"Аказалася, што гэта супрацоўнік прыватнага ахоўнага прадпрыемства, з якім у нас заключаны дагавор на забеспячэнне аховы "Ельцын-цэнтра" і музея", — цытуе выданне выканаўчага дырэктара "Ельцын-цэнтра" Аляксандра Драздова.
Мужчына, які павінен быў сачыць за захаванасцю палотнаў, дамаляваў абстрактным постацям вочы. Для гэтага ён выкарыстаў фірмовую ручку "Ельцын-цэнтра". Варта таксама адзначыць, што гэта быў першы працоўны дзень ахоўніка — яго толькі прынялі на працу.
Ганна Ляпорская — вучаніца Казіміра Малевіча. Яе карціна "Тры постаці" знаходзіцца ў калекцыі дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. У "Ельцын-цэнтры" ў Екацярынбургу яна выстаўлялася ў рамках тэматычнай экспазіцыі "Свет як беспрадметнасць. Нараджэнне новага мастацтва". Змены ў карціне заўважылі наведвальнікі. Пасля чаго палатно датэрмінова вярнулі ў Траццякоўскую галерэю на рэстаўрацыю, а кіраўніцтва цэнтра звярнулася ў паліцыю з заявай аб вандалізме. Эксперты адзначылі, што чарніла паспелі трапіць у фарбу, але рэльеф мазкоў не пашкоджаны, таму што зламыснік маляваў ручкай без моцнага націску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.