Стала вядома, што з грашовай часткай нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага
Палітвязень Алесь Бяляцкі / БЕЛТА
Стала вядома, што з грашовай часткай нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага. "Прэмія будзе чакаць, калі ён апынецца на волі", — кажа ў інтэрв'ю dw.com жонка палітвязня Наталля Пінчук. Паводле яе слоў, на цырымоніі яна "сімвалічна прыняла медаль і дыплом, яны пакуль захоўваюцца ў знаёмых". "Што датычыць грашовай часткі [каля 300 тысяч еўра], то яна не прынятая, — працягвае Пінчук. — Яе прыняць можа толькі Алесь, калі выйдзе са зняволення".
Кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі за кратамі ў Беларусі з лета 2021-га. У пачатку сакавіка сёлета ён быў асуджаны на 10 гадоў калоніі за дапамогу рэпрэсаваным беларусам. Акрамя таго, Бяляцкаму прызначылі штраф у 185 тысяч рублёў.
"Гэта велізарны тэрмін, — кажа Наталля Пінчук. — ...Тэрмін у 10 гадоў накіраваны на падрыў здароўя і знішчэнне чалавека, успрыняць яго спакойна немагчыма".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.