Стала вядома, якім чынам будуць прымаць дакументы ў мінскія гімназіі
12 чэрвеня ў Мінгарвыканкаме прайшла прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў камітэта па адукацыі, прысвечаная новым правілам паступлення ў гімназіі і школы. Прыём дакументаў будзе адбывацца наступным чынам:
— тыя, хто мае пастаянную рэгістрацыю, і тыя, хто мае часовую рэгістрацыю не менш за год, могуць адразу падаваць дакументы ва ўстанову адукацыі.
— тыя, хто не зарэгістраваны ў мікрараёне, да якога адносіцца жаданая школа, ці мае часовую рэгістрацыю на перыяд да года, могуць падаць заяву (не дакументы) на магчымыя вольныя месцы на асабістым прыёме ў дырэктара пачынаючы з 13 чэрвеня.
— дзеці тых, хто нядаўна набыў кватэру ля школы ці гімназіі, ідуць у гэтую навучальную ўстанову.
— залічваць на вольныя месцы ў гімназіі і школы будзе камісія, у склад якой увойдуць прадстаўнікі адміністрацыі і прафсаюзу школы. Дакументы прымаюцца да 28 жніўня. 28 і 29 жніўня камісія будзе прымаць рашэнне наконт залічэння дзіця з часовай рэгістрацыяй менш за год ці з адсутнасцю рэгістрацыі. Калі дзіця не будзе залічана, бацькам патэлефануюць.
— пры залічэнні на магчымыя вольныя месцы прыярэтэт аддаецца тым дзецям, чые браты і сёстры вучацца ў дадзенай навучальнай установе, дзецям педагогаў і супрацоўнікаў гімназіі, і тым, хто першы падаў заяву (калі гэта не дзеці педагогаў і ў навучальнай установе няма іх братоў-сясцёр).
— дзеці з Мінскага раёна могуць падаваць заявы ў школы і гімназіі Мінска з 13 чэрвеня. Прыярэтэт будзе аддавацца тым дзецям, сёстры і браты якіх ужо вучацца ў гэтых навучальных установах.
— калі дзіця не патрапіла ў гімназію, яго прымуць вучыцца ў школу па месцы пражывання, бо ўсім гарантавана месца ва ўстанове адукацыі.
— бацькі могуць падаваць некалькі заяваў у розныя гімназіі, але дакументы пры гэтым можна падаць у школу па месцы пражывання.
— калі дзіця прыпісана да гімназіі, то яго ў любым выпадку возьмуць у гімназію. Нават 31 жніўня.
— дзеці тых, хто аформіў часовую рэгістрацыю на гэтым тыдні, але працягласцю не менш, чым на год, могуць быць прынятымі ў гімназію.
Чыноўнікі заявілі, што новыя правілы ўведзены выключна з-за бяспекі дзяцей. Дакладныя патрабаванні, як гімназіі і школы мусяць прымаць дзяцей з часовай прапіскай, распрацаваныя ў Мінадукацыі (цікава, што ўчора ў Мінадукацыі заявілі Еўрарадыё, што ініцыятыва менавіта так прымаць дакументы належыць Мінгарвыканкаму і абласным камітэтам па адукацыі)
Наконт паступлення ў пяты клас гімназій:
— усе чацвёртыя класы ў поўным складзе пераходзяць у пятыя класы.
— у гімназіях, дзе няма пачатковай школы, прыярэтэт аддаецца дзецям, зарэгістраваных у мікрараёне. З 13 чэрвеня будуць прымацца заявы на магчымыя вольныя месцы.
— на магчымыя вольныя месцы ў пятыя класы камісія будзе аддаваць перавагу пера усім дзецям, браты і сёстры якіх ужо тут навучаюцца, дзецям педагогаў (штатных супрацоўнікаў школ і гімназій), на адзнакі не будуць звяртаць увагу.
— калі дзіця прыпісана да гімназіі, а вучыцца ў школе, яно можа прыйсці вучыцца ў гімназію на вольныя месцы ў любы клас.
На сённяшні дзень у Мінску 50 гімназій, 2 ліцэі, 242 школы. У Мінску адкрыецца 850 першых класаў, у якіх будзе вучыцца больш за 23 тысячы першакласнікаў.