Стала вядома, за што будуць судзіць затрыманых у Наваполацку рабочых
Сярод затрыманых ёсць рабочы "Нафтана" / @vestniknaftana
Затрыманых у Наваполацку рабочых будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, паведамляюць праваабаронцы.
Гаворка пра двух мужчын — машыніста помпаў устаноўкі рыформінгу №5 ААТ "Нафтан" Сяргея Плігаўку і слесара завода "Палімір" Дзмітрыя Саюнова. Іх затрымалі ўчора.
Праваабаронцам таксама стала вядома, што Сяргею Плігаўку пасля затрымання стала кепска — яго даставілі ў кардыялагічнае аддзяленне бальніцы. Плігаўка — удзельнік страйку на "Нафтане".
Затрыманні актывістаў на прадпрыемствах ідуць па ўсёй краіне. Цягам трох дзён, з 21 па 23 верасня, былі затрыманыя завадчане і страйкамаўцы з "Гродна Азота", Беларускага металургічнага завода, Беларускай чыгункі і "Нафтана". Некаторых пазней адпусцілі, але больш за 10 чалавек апынуліся ў СІЗА КДБ і Гомельскім СІЗА №3. Паводле папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, гаворка можа ісці пра арт. 356 КК РБ ("Здрада дзяржаве).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.