“Старэйшы брат” сочыць за Інтэрнэт-кавярнямі

Наведвальнікі Інтэрнэт-кавярняў трапілі пад кантроль. Усе адрасы сайтаў, на якія заходзяць кліенты Інтэрнэт-цэнтраў, на працягу году будуць захоўвацца ў спецыяльнай базе і пры неабходнасці прад’яўляцца супрацоўнікам дзяржбяспекі, праваахоўных органаў і органаў дзяржкантролю.

Адбылося гэта 10 лютага дзякуючы новаму палажэнню Савета Міністраў “Аб парадку работы камп’ютарных клубаў і Інтэрнэт-кавярняў”.


Акрамя вышэйзгаданага наведвальнікам Інтэрнэт-цэнтраў будзе забаронена распаўсюджваць па агульнай сетцы інфармацыю, забароненую для распаўсюджвання заканадаўствам, карыстацца камп’ютарнымі праграмамі, якія на падставе заключэння рэспубліканскай экспертнай камісіі прызнаныя прапагандуючымі культ гвалту, жорсткасці, парнаграфію. Гучыць як запалохванне.


Каб больш падрабязна разабрацца ў гэтым палажэнні, мы звярнуліся да дырэктара Інтэрнэт-парталу Tut.by Юрыя Зісера, які растлумачыў нам, што большасць пунктаў пачалі дзейнічаць куды раней за прыняты закон:


Зісер: “Гэта палажэнне распрацоўвалася некалькі год. І за час, што яно распрацоўвалася, яго палажэнні так ці інакш адлюстраваліся ў іншых дакументах. Таму калі яно нарэшце было прынята, яно аказалася выпусташаным: нічога новага там няма. Часткова патрабаванні адвольныя.


Часткова — наогул не зразумела адкуль узялася, напрыклад, патрабаванне трымацца сваёй чаргі. Незразумела, чаго гэта заканадаўства ўстурбавалася ўвядзеннем чарговасці. Ад яго ні шкоды, ні карысці.


Гэты стрэл абсалютна халасты. Наведвальнікам клубаў забараняецца здзяйсняць хакерскія атакі — можна падумаць, што раней гэты было дазволена”.


Раней рэгуляваннем працы камп’ютарных клубаў і Інтэрнэт-кавярняў займаліся мясцовыя ўлады. І, дарэчы, вельмі добра спраўляліся з пастаўленай задачай.


Напрыклад, у Мінску з пачатковых 400 камп’ютарных клубаў і Інтэрнет-кавярняў на сённяшні дзень працягваюць працу толькі некалькі дзесяткаў. Кантроль за наведваннем сайтаў таксама вёўся ўжо даўно. Распавядае дырэктар Інтэрнэт-цэнтра “Площадка” Віталь Буйноў:


Буйноў: “На самой справе, у нас ужо былі запыты з боку зацікаўленых органаў аб выдачы інфармацыі, і мы такую інфармацыю давалі. Для чаго ім патрэбна была гэтая інфармацыя, як правіла, не гаварылася. Людзі спасылаюцца на інтарэсы следства. Запросы былі афіцыйныя. Я не бачу зменаў з выхадам гэтай пастановы.


Калі б Інтэрнэт-цэнтры не захоўвалі такую інфармацыю, з такім жа поспехам гэтыя органы маглі б ісці, што яны і рабілі, наўпрост да правайдэраў, да якіх падключаны гэтыя Інтэрнэт-цэнтры, і ў іх атрымаць такую ж інфармацыю. Я дакладна ведаю, што не адзін, а шматлікія правайдэры такую інфармацыю давалі і даюць”.


Не пазбегла гэтае палажэнне і крытыкі. Міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” выказала думку, што беларускія ўлады жадаюць увесці кантроль за наведваннем апазіцыйных сайтаў і незалежных сродкаў масавай інфармацыі.


На пытанне, ці сапраўды гэта спроба ўвядзення татальнага кантролю, адказвае адзін з уладальнікаў камп’ютарнага клуба, які пажадаў застацца невядомым:


“Як бы праглядаецца тут гэты кантроль, але ён, умоўна кажучы, не ўведзены да канца. Патрабаванне, каб усе наведвальнікі, хто карыстаецца Інтэрнэтам, рэгістраваліся ў спецыяльным журнале — гэта было такое пажаданне, спрабавалі гэта ўвесці ў выглядзе часовага палажэння, яно фактычна не з’яўлялася нарматыўным дакументам.


Шматлікія клубы такое ўвялі, таму што не хацелі сварыцца з уладай. Але насамрэч гэтая мера не прыжылася. Таму што катэгарычна не падабалася кліентам. Не таму што яны нешта парушаюць, а таму што гэта стварае для іх праблемы. Такія меры нідзе не прымаюцца, ва ўсялякім выпадку ні на Захадзе, ні ў Маскве — дакладна.


Вось такая мера сапраўды было б катастрофай. Але яна не ўведзеная. А без рэгістрацыі кліентаў, дзе ж тады татальны кантроль? У дадзеным выпадку знак да кантролю праглядаюцца, але ж рэальна нічога не ўведзена”.


А як яшчэ кантралюецца наведванне Інтэрнэту? Па словах аднаго з дырэктараў мінскіх Інтэрнэт-цэнтраў, у вялікіх Інтэрнэт-кавярнях стаяць фільтры, якія не дазваляюць наведвальнікам заходзіць на забароненыя сайты. У спіс забароненых адрасы трапляюць з дапамогаю камп’ютара, які сам адсочвае і выбірае “непажаданыя” адрасы.


Пералік такіх сайтаў змяшчаецца на 600 друкаваных старонках. І ў асноўным складаецца з парнаграфічных і тэрарыстычных сайтаў.


Атрымліваецца, што практыка ідзе наперадзе законаў.


Фота — www.opankey.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі