Стаўка рэфінансавання зніжаецца да 20% гадавых
З 13 жніўня. Адпаведнае рашэнне прыняў Нацбанк Беларусі.
Папярэдні раз стаўка рэфінансавання зніжалася ў сярэдзіне ліпеня. Цяперашняе паніжэнне стане чацвёртым з пачатку года.
"Дадзенае рашэнне засноўваецца на працягу ў ліпені 2014 года спрыяльных тэндэнцый у грашова-крэдытнай сферы рэспублікі, — цытуе паведамленне Нацбанка "Интерфакс-Запад". — Так, на ўнутраным валютным рынку прапанова замежнай валюты перавышае попыт на яе, назіраецца прыток рублёвых укладаў фізічных асоб у банках".
Падкрэсліваецца, што "нягледзячы на чаканае зніжэнне ўзроўню працэнтных ставак на крэдытна-дэпазітным рынку з прычыны зніжэння стаўкі рэфінансавання, узровень даходнасці рублёвых дэпазітаў па-ранейшаму будзе не толькі перавышаць даходнасць дэпазітаў у замежнай валюце, але і забяспечваць надзейную абарону зберажэнняў ад інфляцыі".
Нагадаем, ад велічыні стаўкі рэфінансавання залежыць, у прыватнасці, велічыня працэнтных ставак па крэдытах, якія камерцыйныя банкі прадастаўляюць фізічным і юрыдычным асобам.
Фота — Fotolia