Судзілі мужчыну, які кулаком зламаў дзверы ў Партызанскім РУУС Мінска
Судзілі 59-гадовага мужчыну, які кулаком зламаў дзверы ў Партызанскім РУУС Мінска. Як піша minsknews.by, яго аштрафавалі на 1280 рублёў. "Палітыкі" ў дзеяннях хулігана не знайшлі.
У той вечар у мужчыны здарылася сварка з суседкай па інтэрнаце. Жанчына выклікала міліцыянераў, якія прывезлі яго ў Партызанскае РУУС "для разбіральніцтва". Сцвярджаецца, што затрыманы быў у стане алкагольнага ап'янення. У міліцыі ён не супакоіўся — ударыў кулаком спачатку ў сцяну, а пасля — у дзверы. Страты ацанілі на суму амаль 320 рублёў.
Мужчына — пенсіянер, раней праблем з законам не меў. Сваю віну ён цалкам прызнаў, шкоду кампенсаваў. Судзілі яго за хуліганства. Мінчука будуць прымусова лячыць ад хранічнага алкагалізму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.