Сустаршыню "Маладога фронту" Андрэя Цянюту адлічылі з універсітэта
Загад рэктара Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта датаваны 20 траўня.
Сам сустаршыня зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі "Малады фронт" даведаўся аб сваім адлічэнні 23 траўня, перадае БелаПАН.
Цянюта вучыўся на трэцім курсе завочнага факультэта спецыяльнасці "Правазнаўства". У загадзе рэктара гаворыцца, што ён адлічаны "за ўчыненыя сістэматычныя супрацьпраўныя дзеянні ў адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі і правіламі ўнутранага распарадку". Падставамі для адлічэння называюцца рашэнні суда Цэнтральнага раёна Гомеля ад 17 красавіка і суда Чыгуначнага раёна Гомеля ад 6 траўня.
17 красавіка Цянюту з паплечнікамі затрымалі за ўскладанне кветак да "нулявога кіламетра" ў Гомелі ў памяць аб загінулых у Кіеве. Суд абмежаваўся папярэджаннем.
6 траўня суд прызнаў Цянюту вінаватым у "нецэнзурнай лаянцы" і "непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі". Хлопца арыштавалі на 10 сутак. Моладзевы актывіст заявіў, што гэта прэвентыўнае затрыманне напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску.
Цянюта кажа, што не меў у навучанні ні праблем, ні запазычанасцяў. Ён хоча параіцца з юрыстамі і пры магчымасці абскардзіць у судзе загад аб адлічэнні.
Фота — svaboda.org