Сустрэча чыноўнікаў і ІП у Салігорску закончылася безвынікова

Безвынікова закончылася сустрэча чыноўнікаў і індывідуальных прадпрымальнікаў у Салігорску.  Нагадаем, у аўторак на рынку "Акцябрскі" прайшоў сход прадпрымальнікаў, якія пратэстуюць супраць павышэння арэнднай стаўкі да 7 еўра за 1 кв. метр. Агулам сабралося каля 1000 чалавек.

Да іх прыйшлі паразмаўляць чыноўнікі з райвыканкама і аблвыканкама, супрацоўнікі мясцовага Камітэта дзяржкантролю, адміністрацыя рынку. Пасля эмацыйнай размовы з натоўпам, чыноўнікі прапанавалі працягнуць размову ўжо толькі з сябрамі ініцыятыўнай групы прадпрымальнікаў.

Паводле слоў кіраўніцы групы Таццяны Кучынскай, улады па-ранейшаму настойваюць, што 7 еўра за кв. метр - гэта "нармальны кошт арэнды", прадпрымальнікі ж поўныя рашучасці дамагацца зніжэння арэнднай стаўкі. Чыноўнікі абгрунтоўваюць сваю пазіцыю тым, што рынак "Акцябрскі" - дзяржаўны, а не прыватны, таму "дзяржава сабе ў страты працаваць не можа".

Іншая справа, што плошча рынку неэфектыўна выкарыстоўвалася адміністрацыяй - шмат месца пустуе. Нават кірмашы чамусьці праводзіліся не там, а пад вокнамі выканкама, кажа Кучынская.

Цяпер спецыялістамі рыхтуюцца разлікі арэнды па новым курсе, а салігорскія прадпрымальнікі напісалі лісты ў мясцовы дзяржкантроль і ў Мінскі аблвыканкам. Яны спадзяюцца, што іх меркаванне будзе ўлічанае падчас прыняцця рашэння. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі