Сусветны Банк выдзеліць Беларусі $40 млн на развіццё лясоў

Савет выканаўчых дырэктараў Сусветнага банка зацвердзіў для Беларусі крэдыт у памеры 40,7 мільёна для новага праекта “Развіццё ляснога сектара Рэспублікі Беларусь”. Таксама ў фінансаванні праекта прымае ўдзел Глабальны экалагічны фонд — ён дасць 2,74 мільёна долараў, перадае БЕЛТА са спасылкай на прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі.
 
Мэта праекта — падвысіць эфектыўнасць лесаразведкі, лесааднаўлення і лесанасаджэння, а таксама павелічэнне эфектыўнасці выкарыстання рэшткаў пасечкі. Сярод іншага, для 25 тысяч работнікаў лясной гаспадаркі створаць больш камфортныя працоўныя месцы.

Плануецца набыць 74 харвестэра і 52 форвардэра, неабходных для сечак дагляду ў маладняках, 6 новых шчэпасечных машын з высокай вытворчасцю. Гэтая тэхніка дапаможа выкарыстаць драўняныя адходы і драўняную біямасу з такіх адкідаў.

Апроч таго, у рамках праекта мадэрнізуюць лясныя пітомнікі для вырошчвання сажанцаў з закрытай карнявой сістэмай палепшанай якасці. Таксама ў лясах ўсталююць сродкі відэаназірання і камунікацыйнае абсталяванне для маніторынгу пажарнай абстаноўкі, а таксама закупяць новае супрацьпажарнае абсталяванне.

Гэта ўжо другі праект Сусветнага банка ў лясным сектары Беларусі. Першы рэалізоўваўся з 1994 — 2002 гадах і быў скіраваны на распаўсюд эканамічна і экалагічна абгрунтаваных метадаў вядзення лясной гаспадаркі і лібералізацыю гандлю драўнінай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі