Сванідзэ: расіяне працягваюць сядзець у Беларусі
У Расіі працягваюць каментаваць сітуацыю з чарговым затрыманнем грамадзянкі РФ у Беларусі. На гэты раз за краты трапіла Вера Цвікевіч. Яна праходзіць па крымінальнай справе аб удзеле ў пратэстах.
Гісторык, журналіст, член Савета па правах чалавека пры прэзідэнце РФ Мікалай Сванідзэ ў эфіры радыёстанцыі "Эхо Москвы" кажа, што тэма затрыманых у Беларусі расіян вельмі важная.
"Мне тэлефанавала [афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі] Марыя Захарава і тлумачыла, што МЗС на гэтую тэму працуе і што найхутчэй трэба звяртацца ў сілавыя структуры, — расказвае Сванідзэ. — Дай бог, калі МЗС працуе... Але людзі там працягваюць сядзець".
Мікалай Сванідзэ лічыць, што расійскія ўлады павінны рэагаваць на затрыманні расіян у Беларусі таксама, як рэагуюць на затрыманні сваіх грамадзян у ЗША і іншых краінах Захаду. У апошнім выпадку "рэакцыя вельмі рэзкая і эмацыйная", а вось у сітуацыі з Беларуссю і Аляксандрам Лукашэнкам "празмерна асцярожная".
Раней міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў сказаў, што Масква будзе цікавіцца лёсам Веры Цвікевіч (у пятніцу з ёй сустрэўся расійскі консул). Але дадаў, што як і лёсам іншых затрыманых у Беларусі грамадзян РФ. А іх разам з Цвікевіч 458. Некаторыя з іх ужо асуджаныя за "палітыку" ці чакаюць суда.
Мяркуецца, што падставай для затрымання Веры Цвікевіч стала яе фота на фоне калючага дроту, якое трапіла на першую паласу "Камсамолкі" ў жніўні 2020-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.