Светлагорскі тэлеканал "Ранак" прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем"
Тэлеканал "Ранак" працаваў у Светлагорску з 1993 года / @viasna96
Светлагорскі тэлеканал "Ранак" прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". Адпаведнае рашэнне прынятае 5 верасня Міністэрствам унутраных спраў.
У чэрвені групу работнікаў "Ранка" затрымлівалі сілавікі, на іх былі накладзены арышты і штрафы за "экстрэмізм". Кіраўніка тэлеканала запрашалі на гутарку ў райвыканкам. Яшчэ ў чэрвені сайт светлагорскага тэлеканала "Ранак" стаў недаступным, а ў ліпені яго і сацсеткі суд прызнаў "экстрэмісцкімі". У пачатку жніўня ў Светлагорску затрымлівалі рэдактарку інфармацыйнай кампаніі "Ранак" Юлію Даўлетаву.
Праваабаронцы мяркуюць, што сапраўднай прычынай для рэпрэсій супраць "Ранку" мог стаць сюжэт пра выбух на Светлагорскім ЦКК, у якім загінула тры чалавекі. Тэлеканал аператыўна паведамляў пра рэзананснае здарэнне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.