Святлана Ціханоўская — пра люстрацыю, Крым і турбулентнасць на паўгода
Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё
"У выпадку маёй перамогі ўрад застанецца на сваіх пасадах. Калі, вядома, яны не парушалі груба закон і не аддавалі злачынных загадаў", — расказала ў эксклюзіўным інтэрв'ю Еўрарадыё кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская. У праграме Змітра Лукашука "Пытаннечкі" яна адказала на жорсткія пытанні — пра Крым, люстрацыі, Лідзію Ярмошыну і турбулентнасць, якая чакае краіну ў выпадку яе перамогі на выбарах.
Пра "Майдан" у Беларусі і правакацыі
Я вельмі спадзяюся, што наша ўлада раздумаецца. Што яны зразумеюць, што ў нас мірны народ. Ніхто ж не хоча крыві, мы хочам, каб нам далі права выбару. У нас, даруйце мне, пра "майдан" і войскі гаворыць толькі дзейны прэзідэнт. Ніхто з нас не клікаў на плошчу.
Гэта ўсё, вядома, наводзіць на думкі, што ўлада зробіць тое, што задумвае. Я спадзяюся, што хоць раз за апошнія два дзясяткі гадоў яна падумае пра свой народ. Паглядзіце, колькі нас! Мы хочам перамен, дайце нам магчымасць змяніць прэзідэнта.
Ці зможа на новых выбарах балатавацца Лукашэнка?
Згодна з Канстытуцыяй 1994 года час праўлення абмяжоўваўся двума тэрмінамі. Аляксандр Рыгоравіч гэтыя тэрміны ўжо двойчы выкарыстаў... Нічога, мы закрыем на гэта вочы. Але ўдзельнічаць у новых выбарах, я думаю, яму не варта. Чалавеку трэба ўжо пра здароўе думаць. Ён чалавек пенсійнага ўзросту.
Чый Крым?
Я на гэту праблему магу адказаць з пункту гледжання чалавека, жанчыны, якая супраць любой праявы войнаў. Мне вельмі балюча ад таго, што ва Украіне была вайна, што такім чынам краіна [магчыма, яна мае на ўвазе паўвостраў. — Еўрарадыё] перайшла ад аднаго боку да іншага. Гэта вельмі балючае пытанне. Гэта пытанне падзяляе людзей і сутыкае лбамі. Можна я скажу так, як прынята казаць, як прынята ў нашай краіне і па міжнародных законах, што юрыдычна Крым украінскі, а фактычна — расійскі. І не мучце мяне больш.
Пра "трох грацый"
Нам вельмі імпануе, што Лідзія Ярмошына нас назвала грацыямі. Мы нават лічым, што дзесьці ў душы кіраўніца ЦВК нас падтрымлівае, праяўляе жаночую салідарнасць. Яна ж не назвала нас "трыма ведзьмамі" ці яшчэ неяк... Тры грацыі — гэта прыгожа. Мы потым нават пагуглілі, што гэта за тры грацыі. Вельмі прыгожая скульптура! Дзякуй вам вялікі.
Пра люстрацыю
У выпадку маёй перамогі ўрад застанецца на сваіх пасадах, калі, вядома, яны не парушалі груба закона, не аддавалі злачынных загадаў. Адзінае, што зменіцца, — гэта стаўленне да іх працы. Калі раней галоўным крытэрам была паслухмянасць, то цяпер людзі змогуць праяўляць ініцыятыву.
Гэта ж не значыць, што калі прыйдзе новы прэзідэнт, то мы ламаем усё, што было да гэтага, і будуем новую краіну. Я лічу, што ў нас многія няправільныя рашэнні прымаліся праз тое, што нават людзі ва ўрадзе запалоханыя. Думаю, там ёсць людзі годныя, якія ідуць насуперак свайму сумленню, перакананням.
Таму гэтыя людзі застануцца на сваіх месцах, чаму не? Ніхто не збіраецца нікога выганяць. Тыя ж сілавыя структуры, міліцыя. Наш народ вымусілі не любіць міліцыянераў.
Пра турбулентнасць пасля выбараў
Я не баюся гэтага. У нас ёсць згуртаваная каманда. Людзі, якія ведаюць сістэму знутры, падкажуць, як правільна дзейнічаць. Лепш мы зараз паўгода пабудзем у гэтай турбулентнасці, а потым прыйдзе новы прэзідэнт, у якога сучаснае бачанне краіны, які зможа вывесці яе на новы ўзровень развіцця.
Лёгка не будзе, ніхто не кажа. Але ў нашых людзей запыт на перамены, і яны гатовыя пачакаць паўгода. Мы чакаем 20 гадоў, няўжо мы паўгода не працягнем у "турбулентнасці"?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.