Сямашка вяртаецца ад Дварковіча без дадатковых 4,5 млн тон нафты

Расійскі віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч пацвердзіў намер Расіі цягам 2013 года паставіць у Беларусь 18,5 мільёнаў тон нафты. Баланс паставак на IV квартал будзе ўзгадняцца менавіта з гэтай лічбы. З беларускага боку ў перамовах у Маскве, на якіх абмяркоўвалася пытанне паставак, удзельнічаў першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка.

Расійскія эксперты называюць перамовы ўдалымі для Беларусі. Сапраўды, пастаўкі нафты не перапыняюцца, чаго можна было чакаць як развіцця “калійнай вайны”. Тым больш, што Расія ўжо цісне на беларускія ўлады з іншага боку: з 30 жніўня яна забараніла ўвоз беларускай свініны. Галоўны санітарны ўрач Расіі Генадзь Анішчанка заяўляе, што ў бліжэйшы час могуць быць абмежаваныя пастаўкі беларускага малака.

Але Беларусь разлічвае на тое, што нашы НПЗ атрымаюць сёлета на 4,5 мільёна тон нафты болей, чым “узгодненыя” 18,5 мільёнаў тон. Нагадаем, яшчэ ў снежні 2012 года Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што напэўна дамовіўся на пастаўку 23 мільёнаў тон расійскай нафты цягам 2013 года.



Аляксандр Лукашэнка: “Па нафце я вёў перамовы. Дамовіліся на 23 мільёны [тон] нафты, мы гэтую нафту атрымаем без праблем. Ну і пасля, па нафце ж праблем няма. Некалі Расія адмовілася нам пастаўляць патрэбную колькасць нафты, і я яе знайшоў у Венесуэле, у Азербайджане. Але нам гэта не трэба, таму што мы на гэтую тэму з расіянамі дамовіліся”.



Цягам 2013 года расійскі бок пазбягаў узгаднення гэтых “дадатковых” 4,5 мільёнаў тон нафты. Не скончыўся поспехам і сённяшні візіт Уладзіміра Сямашкі ў Маскву. Беларускія НПЗ па-ранейшаму рызыкуюць застацца недазагружанымі.
 

Фота — ria.ru
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі