Сярэдні заробак у Мінску ў чэрвені склаў 10,5 мільёна старых рублёў
У Мінску налічаны сярэдні заробак у чэрвені склаў 10 мільёнаў 454,7 тысячы старых рублёў, паведамляе БелаПАН са спасылкай на галоўнае статыстычнае ўпраўленне сталіцы. Пры гэтым рэальны заробак з улікам росту коштаў за год знізіўся на 1,3%.
Найвышэйшы заробак атрымлівалі ў Першамайскім раёне Мінска (12 мільёнаў 530,9 тысяч рублёў), найніжэйшы — у Фрунзенскім раёне (9 мільёнаў 280 тысяч рублёў).
Па-ранейшаму самымі высокааплатнымі работнікамі ў Мінску застаюцца IT-спецыялісты. У чэрвені гэтага года іх заробак склаў у сярэднім 40 мільёнаў 420 тысяч рублёў. Таксама высокія заробкі ў работнікаў паветранага транспарту (19 мільёнаў 23,4 тысячы), у фінансістаў-страхаўшчыкоў (14 мільёнаў 629,1 тысячы), у няфцянікаў — 14 мільёнаў 33,3 тысячы.
Меней за ўсіх зарабляюць сацыяльныя работнікі — у сярэднім па 5 мільёнаў 144,2 тысячы рублёў.