Сярэдні заробак у снежні не дацягнуў да 1000 рублёў

Сярэдні заробак у снежні не дацягнуў да 1000 рублёў

Намінальны налічаны сярэдні заробак у снежні ў Беларусі склаў 995,3 рубля, перадае БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны статыстычны камітэт.

У параўнанні з лістападам зарплата вырасла на 158,4 рубля, у лістападзе 2017 года яна складала 836,9 рубля. Рост заробку адзначаны ва ўсіх абласцях краіны.

Сярэдні заробак у Мінску за снежань склаў 1 360,4 рубля супраць лістападаўскага ў 1 151,9 рубля. Такім чынам, толькі сталіца пераадолела абяцаную ўладамі краіны мяжу ў 1000 рублёў (500 долараў). 

У Мінскай вобласці заробак склаў 967,1 рубля (у лістападзе — 832,8 рубля), у Брэсцкай — 899,1 рубля (у лістападзе — 730,1 рубля), у Гродзенскай — 894,4 рубля ( у лістападзе — 719,4), у Гомельскай — 893 рубля (у лістападзе — 761,8 рубля), у Магілёўскай — 854,6 рубля (у лістападзе — 713,4 рубля), у Віцебскай — 836,1 рубля (у лістападзе — 716,9 рубля).

Агулам па Беларусі рэальны заробак (з улікам росту спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі) за 2017 год у параўнанні з 2016 годам вырас на 6,2%. Самы высокі рост рэальнага заробку зафіксаваны ў Гомельскай і Гродзенскай абласцях — 7,6% і 7% адпаведна. У Мінску рэальны заробак вырас на 4,4%. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі