Sziget: аўстралійскія драм-н-бэйсеры Pendulum вуступілі гучней, чым The Prodigy
А ізраільскі дыджэй Amotz у чыл-ауце аказаўся больш прывабным, чым Grooverider & MC AD у 40-тысячнам рэйв-тэнце. Чытайце пра 2 і 3 дзень фэсту.
Адна палова Сігет-каманды Еўрарадыё, метыа-дэлікатная, нажаль, памірала ад мігрэні паблізу галоўнай сцэны ў намёце, і марыла, каб нафіг выключылі ўсю музыку (акурат як тыя жыхары Будапешту, якія з-за гучнасці Сігета судзілі яго некалькі год, ды так, што ў гэтым годзе фестываль вымушаны быў пазбавіцца самай гучнай хэві-метал сцэны Hummer Stage).
Затое, другая палова, наш фатограф, смела прагуляўся па натоўпе на Fatboy Slim і сказаў: "Крууута, там такая візуалізацыя была!".
А пасля пайшоў на Tricky і ўвогуле ўразіўся: "Чэл магічны, граў музыку вельмі спакойную, але так эмацыйна, быццам самы брутальны ў свеце рок-н-ролл. Увахадзіў у сябе, пасля выходзіў, і адразу ў натоўп, плаваў па людзях, вяртаўся на сцэну і зноў пачынаў шаманіць".
Наступны дзень пачаўся для Еўрарадыё а 9 раніцы і адразу з няспыннай дыскатэкі у Mokka Cuka, яна ж Sziget Afterparty.
Там былі людзі, якія датаньчавалі ноч, і тыя, хто толькі растаньчваў дзень, а яшчэ дзве асобы з хваробай Даўна. Яны былі апранутыя ў майкі "Don't Let Me Down!" — хлопчык-падлетак і старэйшая дзяўчына, якія танчылі ў такт музыцы і вельмі радаваліся дыскатэцы. Людзі навокал успрымалі іх як нармальную частку клабераў. Нехта нават пачапіў на хлопца рэйверскія жоўтыя акуляры, і той стаў адрывацца яшчэ з большым натхненнем.
Справа ў тым, што побач з Mokka Cuka знаходзіцца Ability Park, дзе створаныя ўсе ўмовы, каб інвалідам на фэсце было таксама ўтульна.
Але вернемся на галоўную сцэну, там праграма, як заўжды, пачалася а 15:00 і выступленнем даволі не звыклым для Сігету. Упершыню на галоўнай сцэне сыйграў гурт з Украіны — Гайдамакі. Яны жвава рубалі казацкі рок і па паводзінах нагадвалі Gogol Bordello.
Гайдамакі сабралі на галоўны танц-пляц усіх украінцаў Сігету (як калісці гурт Ленінград збіраў усіх рускіх).
Еўрарадыё запытала Гайдамакаў: "Чым адрозніваецца джыпсі-панк ад казацкага року?"
"Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба ведаць усю гісторыю Ўкраіны і казакаў" — сказаў лідэр гурта Аляксандр Ярмола і праз секунду пачаў гэтую гісторыю пераказваць. Так што проста слухаць Гайдамакаў, даражэнькія, — без шансаў. Чытайце буквар.
Як раз было некалькі гадзін да галоўнага канцэрту вечара —The Prodigy, але моцныя гукі невядомага драм-н-бэйсу зноў прыцягнулі на галоўную сцэну. Гэтым магнітам аказаўся аўстралійскі гурт Pendulum.
Вакаліст у працэсе дынамічных рытмаў выкручваў з публікі забавы: то прасіў усіх прысесці, так, што ўсё поле рэальна села, пасля прасіў выпрыгнуць, і ўвесь галоўны танцпляц у секунду паляцеў у неба, прасіў адну палову заспяваць "оў", а другую "е", і разам са сваёй драм-машынай міксаваў такі незвычайны лайв. І крычаў у мікрафон: "This is live, common!"
Трэба было яшчэ дажыць да канцэрту The Prodigy, але ўжо не хацелася. Чаго не скажаш пра ўсіх астатніх — яны станавіліся ўсё больш шчыльна адзін да аднаго, і чакалі, чакалі. А калі дачакаліся, аказалася, што не здольныя нават павітаць сваіх куміраў як мае быць. Ніхто асабліва не крычаў, гук, як на дзіва, быў у 2 разы цішэйшы чам на Pendulum, ну і нешта не тое адчувалася.
У нейкі момант гэты "мярцвяк" наскучыў нават Максіму (Maxim Reality), і ён літаральна прымусіў народ бясіцца: "Зрабіце круг! Круг зрабіце, усе ўсе!". Цікава, як ён сабе гэта ўяўляў.
Тым не менш, невялічкае кола ўтварылася, і там пачаўся доўгачаканы продзіжаўскі слэм. З песень публіцы больш за ўсё пакаціў хіт з новага альбому Invaders Must Die, на ім мы ціхенька злінялі далей ад галоўнай сцэны і... пабачылі паў-пустую тэрыторыю фэсту.
Вельмі хутка апынуліся на сцэне МR2, дзе граў венгерскі гурт Kaukazus. Іх слухаў вялікі натоўп маладых дзяўчат. Якія там Prodigy, калі тут мясцовыя куміры, кшталту нашых J-Морс, граюць!
Тэорыя, што на вялікія канцэрты ўсе астатнія сцэны выміраюць, не спраўдзілася.
Упершыню за 2 дні мы дайшлі і да вялікага рэйву на Party Arena, дзе крычаў у мікрафон MC AD пад грув Grooverider.
Больш за 10 хвілін там цяжка пратрываць, калі без патрэбных стымулятараў: горача, занадта прамы біт і цесна. Імгненна было вырашана пакінуць рэйв і пайсці далей ад агрэсіўнай электронікі, а менавіта ў Ambient Tent, дзе паілі імбіровай гарбатай, якая па-венгерску называецца "чай" і слухаць мікс ад ізраільскага дыджэя Amotz ажно да 9 раніцы.
Трэба ж было набрацца моцы на наступны дзень і канцэрт Placebo. Але пра гэта ў другой гісторыі.
... працяг будзе.
Глядзі таксама:
Усе рэпартажы з Sziget 2009
Рэпартажы з іншых фэстаў