Такі хакей ім не патрэбны: што вядома пра перанос чэмпіянату свету з Беларусі
Хакеіст Аляксандр Лукашэнка / БЕЛТА
Хакейны чэмпіянат свету 2021 года планавалася правесці ў Мінску і Рызе. Рашэнне было прынята ў далёкім 2017 годзе. Але ў жніўні 2020 года, пасля жорсткіх затрыманняў мірных дэманстрантаў у Беларусі, Латвія прапанавала перанесці беларускую частку турніру ў іншую краіну.
Далей — болей. МЗС Латвіі забараняе ўезд старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыю Баскаву. "Цытую класікаў: "Такі хакей нам не патрэбны!" — каментуе гэта латвійскі міністр замежных спраў Эдгар Рынкевіч.
Уночы на 20 лістапада журналіст The Hockey News Раян Кенэдзі піша ў "Твітэры", што Міжнародная федэрацыя хакея на лёдзе перанясе чэмпіянат свету з Мінска ў Маскву. Піша як пра прынятае рашэнне, хоць усё не так проста. Дыскусіі працягваюцца. Еўрарадыё сабрала ўсё, што вядома на цяперашні момант.
А што не так з кіраўніком Федэрацыі хакея Беларусі?
Дзмітрый Баскаў — не толькі кіраўнік ФХРБ, але і трэнер хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі, гэта значыць чалавек, які ўваходзіць у яго найбліжэйшае кола. Чалавека, падобнага да Баскава, бачылі на "Плошчы Перамен" 11 лістапада, калі там быў жорстка збіты Раман Бандарэнка. На наступны дзень хлопец памёр.
Латвія ўнесла ў чорны спіс таксама кікбаксёра Дзмітрыя Шакуту, які гуляе ў хакейнай камандзе Баскава.
Сам Дзмітрый Баскаў 17 лістапада заявіў, што яго абвінавачваюць у тым, да чаго ён не мае ніякага дачынення. Але пасля ўсіх гэтых навін размовы аб тым, што ў Беларусі трэба адабраць чэмпіянат свету па хакеі, успыхнулі з новай сілай.
Не пасуе толькі Расія
Па інфармацыі СМІ, акрамя Расіі, ні адна краіна-ўдзельніца не выказала падтрымкі беларускім арганізатарам турніру. Напрыклад, прэзідэнт Федэрацыі хакея Чэхіі Томаш Карл заявіў у прэсе пра няўпэўненасць, што каманда адправіцца на чэмпіянат свету — 2021, калі турнір пройдзе ў Беларусі.
18 лістапада сярод дэпутатаў Еўрапарламента пачаўся збор подпісаў пад лістом Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ) і яе прэзідэнту Рэнэ Фазэлю. У лісце прапануецца перанесці з Беларусі чэмпіянат свету па хакеі 2021 года. Ініцыятарам ліста стала шведская еўрадэпутат Карын Карлсбра:
"Спорт не павінен быць палітыкай, але гэта не падстава заплюшчваць вочы на тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Мы не можам праводзіць чэмпіянат свету на арэнах, дзе пратэстоўцаў арыштоўваюць і катуюць на вуліцах. Падтрымліваць рэжым, які выкарыстоўвае зброю супраць уласнага насельніцтва, цалкам непрымальна".
Трэба больш часу
Міжнародная федэрацыя хакея праз каранавірус адмяніла або перанесла 18 розных масавых мерапрыемстваў. Але чэмпіянат свету 2021 года ў іх лік не трапіў — рашэнне не прынята. Кіраўнік МФХ Рэнэ Фазэль заявіў, што "спатрэбіцца больш часу" для аналізу сітуацыі. Будзе паўторны разгляд пытання.
Чэмпіянат перанясуць у Расію?
19 лістапада з'явілася інфармацыя пра тое, што рыхтуецца візіт Рэнэ Фазэля ў Маскву. Адной з тэм перамоў з Уладзіславам Траццяком, кіраўніком расійскай хакейнай федэрацыі, нібыта будзе перанос чэмпіянату ў Расію. Пра гэта піша журналіст выдання The Hockey News Раян Кенэдзі.
"Міжнародная федэрацыя хакея перанясе чэмпіянат свету з Беларусі ў Маскву. Рэнэ Фазэль накіроўваецца ў Расію", — напісаў Кенэдзі ў сябе ў твітэр-акаўнце. Пры гэтым Латвія захоўвае правы на свае матчы чэмпіянату.
У адказ віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея Калерва Кумола назваў малаімаверным перанос матчаў чэмпіянату свету з Мінска ў Маскву:
"Будзе абсурдна, калі Расія атрымае беларускія матчы ЧС-2021", — цытуе Кумолу фінскі партал Mtvuutiset.
Довады Кумолы такія. Па-першае, правядзенне ЧС-2021 у Расіі наўрад ці магчымае праз сітуацыю з каранавірусам. А па-другое, Расія была адзінай краінай, якая адкрыта падтрымала Аляксандра Лукашэнку падчас пратэстаў.
Новы курс — Канада?
А вось журналіст шведскага выдання Expressen Магнус Нюстрэм выказаў меркаванне, што чэмпіянат свету па хакеі з Беларусі і Латвіі могуць перанесці ў Канаду.
"Вонкавы свет рэзка адрэагаваў на перамогу Лукашэнкі на выбарах у жніўні. Прэзідэнт Францыі Макрон запатрабаваў адстаўкі, Вялікабрытанія і Канада ўвялі санкцыі, і ёсць імавернасць, што Канада выйграе правядзенне чэмпіянату свету. У Швецыі ўсё пакуль ціха", — напісаў ён.
Свае крыніцы шведскі журналіст не раскрывае. Зрэшты, заява ўжо была зняпраўджана.
Чаму нельга правесці ўвесь чэмпіянат у Латвіі?
Выданне Apollo расказала, што трэба зрабіць, каб правесці ўвесь турнір у Латвіі. Цяпер патрабаванням ІІХФ адпавядае толькі "Арэна Рыга". Для правядзення ЧС спатрэбіцца яшчэ адзін стадыён. Ім можа стаць арэна Elektrum, дзе ёсць магчымасці для ўстаноўкі хакейнай каробкі.
Арганізацыя рыжскай часткі ЧС каштуе каля 8 мільёнаў еўра. Мясцовыя ўлады планавалі адбіць 90% выдаткаў за кошт продажу білетаў. Але ў перыяд пандэміі каранавіруса незразумела, ці змогуць заўзятары ў прынцыпе прысутнічаць на трыбунах.
Каб увесь турнір прайшоў у Латвіі, спатрэбіцца пашырыць бюджэт яшчэ на пяць мільёнаў еўра. Аднак урад краіны гатовы вылучыць дадаткова толькі 1,3 мільёна еўра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.