ТБМ прапануе Мінадукацыі стварыць беларускамоўныя гімназіі ў кожным раёне
Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны прапануе Міністэрству адукацыі стварыць гімназіі з беларускай мовай навучання ў кожным раёне Беларусі. Адпаведны зварот на імя міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова быў прыняты 27 лістапада на пасяджэнні рады ТБМ, перадае БелаПАН.
"На сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў кіраўнік нашай краіны заявіў аб неабходнасці паляпшэння сітуацыі з беларускай мовай у галіне адукацыі, — гаворыцца ў звароце. — У сувязі з гэтым прапануем вам прыняць рашэнне аб стварэнні гімназій з беларускай мовай навучання ў кожным раёне нашай краіны. Гэта здыме пытанне аб навучанні дзяцей на беларускай мове ў сувязі з закрыццём малакамплектных школ у вёсках, а таксама падвысіць узровень адукацыі вучняў".
Як лічаць у ТБМ, пачаць стварэнне сеткі беларускіх гімназій можна з цэнтральных раёнаў Мінскай вобласці, да прыкладу, Стаўбцоўскага, які звязаны з жыццём і дзейнасцю класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа, і Нясвіжскага, "дзе на высокім міжнародным узроўні папулярызуецца нашая славутая гісторыка-культурная спадчына".
7 кастрычніка, выступаючы са зваротам да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі пятага і шостага скліканняў, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусі варта не адмаўляцца ад рускай культуры, але і памятаць пра тое, “што мы беларусы і ў нас ёсць свая мова".