Топ-5: навіны 17 сакавіка
Статкевіч агучыў маршрут вулічнай акцыі на Дзень Волі ў Мінску
Мікалай Статкевіч агучыў маршрут вулічнай акцыі 25 сакавіка ў Мінску, на Дзень Волі. Палітык заявіў, што ён бярэ адказнасць за правядзенне акцыі на сябе.
Статкевіч кажа, што каля Акадэміі навук спачатку адбудзецца мітынг, на якім будзе прынятая рэзалюцыя, пасля чаго калона пройдзе да плошчы Незалежнасці. Па дарозе дэманстранты ўскладуць кветкі да будынка па вуліцы Валадарскага, дзе 25 сакавіка 1918 года была абвешчана дзяржаўная незалежнасць Беларусі.
На сустрэчы з прадстаўнікамі МВФ Аляксандр Лукашэнка размаўляў пра жыроўкі і пенсіі. Пры гэтым ніякіх афіцыйных дакументаў бакі так і не падпісалі.
На думку эканаміста Леаніда Заікі, сустрэчы кіраўніка Беларусі з прадстаўнікамі Міжнароднага валютнага фонду мела палітычнае вымярэнне.
У Расіі выйшаў на свабоду шэф-рэдактар інфармацыйнага агенцтва "Рэгнум" Юрый Баранчык. Яго затрымалі ў сераду з ініцыятывы беларускіх праваахоўнікаў за “распальванне міжнацыянальнай варожасці”.
Аднак раённы суд Масквы прызнаў неабгрунтаваным яго затрыманне. Пры гэтым адвакаты Баранчыка патлумачылі, што вызваленне не азначае таго, што Расія адмовілася ад экстрадыцыі рэдактара ў Беларусь.
Партал tut.by атрымаў папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі за артыкул пра беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне на баку афіцыйнай улады. Як вырашылі чыноўнікі ведамства, гэта матэрыял, змест якога "здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам нашай краіны".
Мінчаніна Андрэя, у якога ў навагоднюю ноч двойчы выстраліў міліцыянер, змясцілі ў "Навінкі". Пра гэта Еўрарадыё распавяла жонка Андрэя Настасся.
Па яе словах, мужчыну накіравалі ў псіхіятрычную лякарню на абследаванне. Яно працягнецца 28 дзён. Таксама жанчына распавяла, што яна па-ранейшаму не можа сустрэцца з мужам.