Топ-5: навіны 30 траўня
“Шэнген” для беларусаў можа патаннець да 35 еўра ўжо ў наступным годзе
Шэнгенскія візы для беларусаў могуць патаннець да 35 еўра ўжо ў наступным годзе. Пра гэта заявіў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Беларусі Аляксей Бягун.
Па яго словах, падпісанне дакументаў з ЕС па спрашчэнні візавага рэжыму знаходзіцца на фінальнай стадыі. А ўсе фармальнасці могуць вырашыцца ўжо ў чэрвені.
Акрамя таго, Бягун распавёў, што у наступным годзе могуць з’явіцца трохгадовыя і пяцігадовыя візы.
Аляксандра Лукашэнку пераабралі прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Гэта адбылося на Алімпійскім сходзе, які прайшоў 30 траўня ў Мінску. Прычым рашэнне было прынятае аднагалосна.
Адразу пасля свайго пераабрання Лукашэнка раскрытыкаваў выступ нацыянальнай зборнай на Алімпіядзе ў Рыа. Па словах кіраўніка краіны, ён быў правальным.
Улады разумеюць, што беларусы не хутка разбагацеюць, каб скупаць замежную валюту. Таму кіраўніцтва краіны і вырашыла адмяніць продаж валюты па пашпарце. Такое меркаванне ў каментары Еўрарадыё выказаў вядомы эканаміст Вадзім Іосуб.
У аўторак Аляксандр Косінец стаў памочнікам Аляксандра Лукашэнкі. Раней ён займаў пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.
Самае цікавае, што літаральна ў лютым кіраўнік краіны загадаў на 30% скараціць сваю адміністрацыю і нават падпісаў адпаведны ўказ.
Аднак замест абяцанай аптымізацыі пачаўся набор новых кадраў. Прычым такой пасады, якую далі Косінцу, проста няма. Справа ў тым, што яе скарацілі згодна з загадам… Аляксандра Лукашэнкі.
19-гадовага мінчаніна, якога у суботу жорстка затрымалі на станцыі метро “Кастрычніцкая”, адпусцілі дадому. Гэта адбылося нават нягледзячы на тое, што нахлопца распачатая крымінальная справа за гвалт супраць міліцыянта.
Як паведаміў Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч, цяпер пры першым выкліку юнак мусіць адразу з’яўляцца ў міліцыю.
Вядома, што хлопца адпусцілі проста з лякарні, дзе яго выводзілі са стану алкагольнага атручэння. Цяпер маладому чалавеку пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.