Топ-5: навіны 6 лютага
Адміністрацыю прэзідэнта скароцяць да 108 чалавек
Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі плануецца скараціць на 30%. Пра гэта распавяла журналістам кіраўніца Адміністрацыі Наталля Качанава. Па яе словах, ведамства скароцяць да 108 чалавек.
Пры гэтым чыноўніца дадала, што звальняць плануецца ў першую чаргу тых, хто сыходзіць на пенсію. Іншым супрацоўнікам паспрабуюць дапамагчы ўладкавацца на працу там, дзе будзе патрэба ў адпаведных спецыялістах.
Рашэнне аб правядзенні рэферэндуму падчас мясцовых выбараў 2018 года яшчэ не прынятае. Пра гэта Еўрарадыё распавяла Лідзія Ярмошына. Па словах старшыні Цэнтрвыбаркама, у яе ёсць і свае прапановы наконт таго, якія пытанні можна было б вынесці на такое галасаванне. Да прыкладу, Ярмошына прапануе пазбавіцца ад артыкула, што забараняе галасаваць на выбарах тым, хто знаходзяцца пад вартай.
Нарады расійскіх памежнікаў з’явіліся нават на прасёлачных ды лясных дарогах з Беларусі. А дакументы расіяне правяраюць ужо не толькі ў пасажыраў аўтамабіляў і цягнікоў, але нават і ў электрычках, што звязваюць памежныя беларускія і расійскія гарады.
У сваю чаргу, ФСБ патлумачыла, навошта ствараюцца памежныя зоны на мяжы з нашай краінай. У расійскім ведамстве сцвярджаюць, што галоўная мэта новаўвядзення — спыніць незаконную міграцыю, наркатрафік і кантрабанду.
Школьная праграма будзе перапрацаваная і спрошчаная яшчэ да пачатку новага навучальнага года. Пра гэта паведаміў віцэ-прэм'ер Беларусі Васіль Жарко. Па яго словах, на сённяшні дзень школьная праграма занадта перанасычаная.
Пры гэтым чыноўнік удакладніў, што аснова сістэмы адукацыі будзе савецкай, але разам з тым ў ёй будуць улічвацца і новыя тэндэнцыі.
6 лютага інфармацыйнае агенцтва БелаПАН апублікавала тэкст пад назвай "БелаПАН: мы не будзем статыстамі ў чужым шоу". У тэксце апісваецца, як падчас “Вялікай размовы з прэзідэнтам” прадстаўнікі БелаПАН і большасці іншых медыя не мелі магчымасці задаць пытанні кіраўніку дзяржавы.
Агенцтва настойвае на асобным інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам для незалежных СМІ. У іншым выпадку, па словах кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая, яго журналісты больш не будуць браць удзелу ў падобных мерапрыемствах.
Падобную пазіцыю агучыў яшчэ адзін удзельнік “Вялікай размовы", намеснік галоўнага рэдактара выдання "Наша Ніва" Зміцер Панкавец.