Тры краіны ствараюць мытны саюз, якога самі ж баяцца

Беларускія і расійскія эксперты не вераць не толькі ў тое, што Беларусь, Расія і Казахстан змогуць уступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю адзіным мытным саюзам, але і ў тое, што такі саюз увогуле будзе створаны. 9 чэрвеня прэм’ер-міністры Беларусі, Расіі і Казахстана падпісалі ў Маскве пагадненне аб уваходжанні ў ВТО адзінай мытнай тэрыторыяй. Праўда, на наступны дзень пачалася "малочная вайна" і на гэту ідэю забыліся. "Вайна" хутка скончылася і ўжо 25 чэрвеня віцэ-прэм'ер Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў, што ў гэтым мытным саюзе ўжо з 1 студзеня 2010 года магчыма з'яўленне агульных санітарных, ветэрынарных і фітасанітарных норм. Але генеральны дырэктар гэтай арганізацыі Паскаль Ламі 24 чэрвеня выказаў сумнеў у правамоцтве далучэння да ВТО такога “мытнага трыумвірата”.

Не верыць у хуткае стварэнне Беларуссю, Расіяй і Казахстанам мытнага саюза і былы міністр эканомікі Расіі, навуковы кіраўнік Маскоўскай “Вышэйшай школы эканомікі”  Яўген Ясін.

Яўген Ясін:
“Мне падаецца, што шлях да канчатковага заключэння пагаднення аб мытным саюзе і набыванні ім моцы — гэта яшчэ доўгі шлях. Прычым, з улікам сітуацыі, у якой знаходзяцца ўсе тры краіны, на гэтым шляху будзе шмат супярэчнасцяў. Бо ўсе знаходзяцца ў стане крызісу, і кожны крок, які нясе за сабой саступкі, што прывядуць да падзення прыбыткаў ды іншых стратаў, будзе выклікаць рэакцыю падазронасці з боку саюзнікаў”.

Згодны з ім і міжнародны аглядальнік з Беларусі Раман Якаўлеўскі. Паводле яго слоў, сама ідэя стварэння мытнага саюза трох дзяржаў — нежыццяздольная: гэта такая доўгатэрміновая палітычная гульня.

Раман Якаўлеўскі: “Вельмі дзіўна выглядае прысутнасць Беларусі ў гэтым трыумвіраце на фоне "малочных" і іншых гандлёвых войн. Я бы нават казаў, смешна выглядае. Гэта нежыццяздольная ідэя. Ініцыятывы могуць быць розныя, а ідэя гэтая — нежыццяздольная”.

Раман Якаўлеўскі кажа, што Расія амаль 15 гадоў безвынікова вяла перамовы аб сваім уключэнні ў ВТО. А колькі на гэта спатрэбіцца часу тром краінам, асабліва калі сярод іх Беларусь са сваёй нерэфармаванай эканомікай, ніхто не зможа адказаць.

Такое ж меркаванне і ў дацэнта факультэта сусветнай палітыкі і эканомікі  “Вышэйшай школы эканомікі” Андрэя Суздальцава.

Андрэй Суздальцаў:
“У рамках траістага саюза мытны кантроль будзе вынесены на знешнія межы мытнага саюза. І гэта прывядзе да стварэння наднацыянальных органаў. Калі Расія і Казахстан яшчэ могуць на гэта пайсці, то Беларусь, дзе пытанне наднацыянальных органаў стаіць вельмі востра, наўрад ці. Бо Лукашэнка баіцца нават грыфель ад свайго алоўка камусьці аддаць”.

А беларускі эканаміст Аляксандр Чубрык не бачыць у гэтым саюзе выгады для нашай краіны.

Аляксандр Чубрык: “Не вельмі ўпэўнены, што, магчыма, будзе рабіць такі саюз. Бо гэта азначае, што Беларусь і Казахстан мусяць зрабіць такія самыя мыты, якія існуюць у Расіі, а гэта можа быць не заўжды выгадна для нашых краін. Існуюць пэўныя тарыфы, выгадныя для Расіі, — расійскі ўрад лічыць іх мэтазгоднымі, каб абараніць расійскіх вытворцаў. І наўрад ці Расія будзе ўсталёўваць такія мыты, якія больш выгадныя з пункту гледжання ўрада Беларусі. Таму ўсё гэта вельмі тэхнічна складана ”.

Між тым, днямі беларускі віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка заявіў, што Беларусь будзе імкнуцца да стварэння не толькі  адзінага мытнага саюза з Расіяй і Казахстанам, але і да стварэння адзінай свабоднай эканамічнай зоны з Еўрасаюзам. У адказ былы міністр эканомікі Расіі Яўген Ясін папярэджвае, што на шляху ў Еўрасаюз Беларусь можа страціць свайго ўсходняга сябра.

Яўген Ясін: “Калі ўжо дамовіліся рабіць мытны саюз, то крокі Беларусі ў Еўрасаюз альбо наўпроставае ўваходжанне ў ВТО будзе ўспрымацца як парушэнне абавязальніцтваў. А пуцінскай Расіі не выгадныя самастойныя дзеянні нікога з саюзнікаў — якіх ужо зусім мала засталося. Так Расія гэта і будзе ўспрымаць — што адным саюзнікам стала менш”.

Такой жа думкі прытрымліваецца і Андрэй Суздальцаў. Расійскі палітолаг называе Беларусь дзяржавай-кантрабандыстам, якая скарыстаецца адкрытымі межамі з Расіяй і свабоднай эканамічнай зонай з Еўрасаюзам найперш для таго, каб завальваць прадукцыяй з трэціх краін тэрыторыі Расіі і Казахстана. А Расія супраць гэтага.

Праўда, на думку Рамана Якаўлеўскага, словы Сямашкі пра стварэнне свабоднай эканамічнай зоны з Еўрасаюзам разлічаныя на неабазнаных людзей.

Раман Якаўлеўскі: “Трэба памятаць, што свабодная эканамічная зона з Еўрасаюзам, абумоўленая праграмай “Усходняга партнёрства”, прадугледжвае абавязковае сяброўства ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі. А сёння з 6 краін “Усходняга партнёрства” толькі Беларусь і Арменія не з’яўляюцца сябрамі ВТО. Калі Сямашка такое гаворыць, ён альбо нешта блытае, альбо, што хутчэй, разлічвае на несвядомасць аўдыторыі”.

Але, нягледзячы на тое, што мытнаму саюзу трох краін эксперты і прадказваюць лёс Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, эканаміст Аляксандр Чубрык папярэджвае, што звычайныя беларусы могуць чакаць ад гэтага мытнага трыумвірата непрыемнасцяў — у выглядзе павелічэння мыты на асобныя віды тавараў. Напрыклад, калі кошт растаможкі іншамарак у Беларусі стане як у Расіі і значна вырасце — то гэта і будзе адным з такіх непрыемных сюрпрызаў.

Фота: http://photo.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі