TUT.by атрымаў Міжнародную прэмію імя Паўла Шарамета
TUT.by узнагародзілі за смеласць і адданасць журналісцкім стандартам / TUT.by
Беларускі партал TUT.by стаў уладальнікам Міжнароднай прэміі імя Паўла Шарамета, якую чацвёрты год запар уручаюць журналістам з краін Усходняга партнёрства за смеласць і адданасць журналісцкім стандартам. Рашэнне прыняў Кіраўнічы камітэт Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.
Прэмія будзе ўрачыста ўручаная 8 снежня ў Брусэлі.
З пачатку выбарчай кампаніі беларускія ўлады ўзмацнілі ціск на TUT.by, які з'яўляецца найбуйнейшым інфармацыйным рэсурсам у байнэце. Партал быў пазбаўлены статусу СМІ, журналістаў і фотакарэспандэнтаў, якія працуюць на масавых акцыях, неаднаразова затрымлівалі і адпраўлялі на суткі.
Адна з журналістак партала, Кацярына Барысевіч, стала фігуранткай крымінальнай справы аб раскрыцці медыцынскай таямніцы. Пасля смерці Рамана Бандарэнкі, які памёр у бальніцы пасля затрымання на "Плошчы Перамен", яна напісала артыкул аб тым, што ў крыві загінулага хлопца не было алкаголю. Пацвярджальныя дакументы перадаў ёй лекар Арцём Сарокін з Бальніцы хуткай дапамогі. Ён таксама затрыманы, і ў дачыненні да яго таксама заведзеная крымінальная справа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.