У Баранавічах жанчыну забралі з радзільні ў ізалятар часовага ўтрымання

У Баранавічах жанчыну забралі з радзільні ў ізалятар часовага ўтрымання

У Баранавічах жанчыну забралі з радзільні ў ізалятар часовага ўтрымання, а пасля перавялі ў СІЗА. Яе нованароджанага сына адправілі ў дзіцячую бальніцу на штучнае гадаванне. 22-гадовую Любоў Базылевіч падазраюць у збіцці кантралёраў у гарадскім аўтобусе, інфармуе intex-press.by.

Базылевіч з бацькамі і двума малымі дзецьмі (ва ўзросце 2 і 4 гадоў) жыве ў Жыткавічах. У Баранавічы яна прыехала, каб нарадзіць трэцяе дзіця, у гэтым горадзе жыве і яе грамадзянскі муж.

У лютым жанчына разам з маці і свякрухай ехала ў гарадскім аўтобусе да лекара. Кантралёр, правяраючы аплату за праезд, заявіла, што талон Любові Базылевіч прабіты два разы і запатрабавала заплаціць штраф — 105 тысяч рублёў. Грошай у яе не было. На сваім прыпынку жанчыны хацелі выйсці, але кантралёры (жанчына і мужчына) не дазволілі, нягледзячы на тое, што ім паведамілі: Базылевіч — цяжарная.

Маці Любові Базылевіч кажа, што кантралёр штурхнуў яе дачку і яна звалілася ў праход паміж сядзеннямі. Таксама ён, нібыта, абразліва выказаўся "аб іх цыганскай нацыі". Пасля гэтага цяжарная жанчына ўдарыла мужчыну-кантралёра. Гэты момант зняла на мабільны тэлефон жанчына-кантралёр. На яе накінулася Любоў Базылевіч, спрабавала выхапіць мабільнік. Паводле версіі кантралёраў, яны не штурхалі і не зневажалі цяжарную жанчыну.

Усіх жанчын завезлі ў міліцыю, пасля — у наркадыспансер. Адтуль цяжарную жанчыну забралі ў радзільню. Ёй зрабілі экстранае кесарава, яна нарадзіла хлопчыка. Аднак ужо на другі дзень пасля аперацыі ў радзільню прыйшлі міліцыянеры і паведамілі, што ў яе адносінах і ў адносінах свякрухі распачатая крымінальная справа. Артыкул — "Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак". Неўзабаве Любоў Базылевіч забралі з радзільні.

Праваахоўнікі кажуць, што пайшлі на такі крок, паколькі жанчына не мясцовая і магла з'ехаць у свой горад. Адзначаюць, што для жанчын, якія нарадзілі дзіця, нейкіх змякчальных абставінаў заканадаўства не прадугледжвае. Праваабаронцы лічаць такую меру стрымання для маладой мамы празмерна жорсткай.

11 сакавіка Брэсцкі абласны суд пастанавіў вызваліць Любоў Базылевіч з-пад варты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі