"У Беларусь ці Афрыку": былыя зняволеныя-вагнераўцы могуць працягнуць службу

Расійскі вайсковец ва Украіне / ria.ru
Расійскі вайсковец ва Украіне / ria.ru

Кіраўніцтва наймітаў вырашыла адпусціць дадому ўсіх былых зняволеных-вагнераўцаў. Пра гэта пішуць "Важные истории", якія вывучылі паведамленні іх сваякоў і прадстаўнікоў ПВК "Вагнер" у закрытых чатах. Многія былыя зняволеныя цяпер знаходзяцца ў гасцініцах Анапы ў чаканні памілавання. Гэта выданню пацвердзілі сваякі некаторых з іх.

Сцвярджаецца, што гэтыя вагнераўцы змогуць паехаць дадому ў адпачынак на 14-45 дзён, а пасля пры жаданні працягнуць кантракт з ПВК, "каб паехаць у Беларусь ці Афрыку". Колькі іх выжыла ў баях ва Украіне, невядома. Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка 30 чэрвеня казаў: "Паслухайце, усе вайскоўцы[-вагнераўцы], якія там былі, асуджаныя, яны ўжо загінулі, на жаль". І дадаў, што вагнераўцы з ліку асуджаных за мяжу з Расіі не выязджаюць, бо іх вызвалялі "толькі для расійскага фронту".

Пра тое, што ПВК "Вагнер" пачала вербаваць зняволеных у РФ для вайны ва Украіне, стала вядома летам 2022-га. Ім абяцалі памілаванне пасля заканчэння кантракту. Аднак на фронце былых зняволеных не шкадавалі, адпраўлялі ў самыя гарачыя кропкі (у асноўным у Бахмут). У выніку яны панеслі вялізныя страты. З пачатку 2023-га вярбоўкай зняволеных вагнераўцы перасталі займацца, "праект" перахапіла Мінабароны.

У Беларусі ўжо знаходзіцца некалькі тысяч вагнераўцаў, якія прыехалі з РФ. Яўген Прыгожын рыхтуе іх да адпраўкі ў Афрыку і да заняткаў з беларускімі сілавікамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі