У Беларусь не пусцілі дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны
Аб тым, што беларускія памежнікі адмовілі ва ўездзе ў нашу краіну Ігару Гузю, сам дэпутат паведаміў у фэйсбуку. "Лукашэнка зноў не пусціў мяне ў Беларусь! На гэты раз па прадстаўленні "кампетэнтных органаў" пуцінскай Расіі. Ехаў з памочнікамі ў Мінск, каб узяць удзел у акцыі "Чарнобыльскі шлях". Акрамя таго, планаваліся сустрэчы з работнікамі Амбасады Украіны, прадстаўнікамі ўкраінскай дыяспары і апазіцыйных сіл", — напісаў Гузь.
Таксама дэпутат паведамляе, што дамовіўся аб сустрэчы з бацькамі асобных беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну на Данбасе.
Дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны спынілі на прапускным пункце памежнікі, потым размову праводзілі ўжо супрацоўнікі КДБ. Тое, што Ігар Гузь з'яўляецца намеснікам старшыні камітэта па замежных справах украінскага парламента і сябрам украінскай дэлегацыі ў ПАСЕ, на беларускіх памежнікаў не падзейнічала.
Супрацоўнікі КДБ правялі дагляд аўтамабіля Гузя, пасля чаго ў пашпарт паставілі адзнаку "ўезд забаронены". Свае дзеянні памежнікі патлумачылі тым, што Ігар Гузь унесены ў спіс неўязных на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі.