У Беларусі адмянілі Нацыянальны паляўнічы фестываль
Паляўнічы, ілюстрацыйнае фота
Сёлета ў Беларусі не будзе абвешчанага I Нацыянальнага паляўнічага фестывалю. Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) перанесла яго на наступны год.
Прычынай называюцца наступствы ўрагану 13-14 ліпеня — у прыватнасці, вялікая колькасць паваленых дрэў.
У сваю чаргу пра адмену двух раней запланаваных мерапрыемстваў паведаміў і Мінлясгас. Ведамства з'яўлялася іх сузаснавальнікам.
"Таксама адменена (перанесена на нявызначаны тэрмін) правядзенне галіновага турзлёту сярод работнікаў лясной гаспадаркі, Рэспубліканскай летняй спартакіяды сярод работнікаў лясной гаспадаркі. Усе мерапрыемствы, як і першы нацыянальны паляўнічы фестываль, планаваліся ў жніўні", — кажуць у Мінлясгасе.
Паводле інфармацыі Мінлясгаса, у лясным фондзе пацярпела каля 33,3 тысячы гектараў насаджэнняў. Прычым на больш як 13,8 тысячы гектараў трэба парвесці суцэльныя санітарныя высечкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.