У Беларусі ліквідавалі аб'яднанне літоўцаў "Гімціне"
У іх дзейнасці нібыта зафіксаваны парушэнні закона / ostrovets.by
Гарадзенскі абласны суд вынес рашэнне аб ліквідацыі грамадзкага аб'яднання літоўцаў "Гімціне". Аб гэтым ТАСС паведамілі ў судовай інстанцыі.
Па звестках, размешчаных на сайце Вярхоўнага суда Беларусі, істцом па справе выступала Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Ва ўпраўленні ТАСС паведамілі, што з боку аб'яднання, якое працаваў у вёсцы Пеляса Воранаўскага раёна, зафіксаваны парушэнні закона, аднак падрабязнасці справы каментаваць не сталі.
Аб'яднанне больш за 20 гадоў працавала над стварэннем умоваў для нацыянальнага самавыяўлення беларускіх літоўцаў. У Пелясе, дзе яно дзейнічала, ёсць школа з літоўскай мовай навучання. У гэтай жа вёсцы нацыянальная меншасць ладзіла мерапрыемствы і сустрэчы з літоўскімі чыноўнікамі.
"Гімціне" (gimtinė) у перакладзе з літоўскай азначае "Радзіма". Гэта першае афіцыйна зарэгістраванае ў Беларусі грамадскае аб'яднанне літоўцаў.
Пеляса размяшчаецца за 13 км ад літоўскай мяжы, 80% жыхароў тут — літоўцы па нацыянальнасці.
Паводле афіцыйных звестак, на 1 студзеня 2022 года колькасць чальцо грамадскага аб'яднання "Гімціне" складала 150 чалавек, у 2021-м было 163.
Пагром недзяржаўных грамадскіх аб'яднанняў у Беларусі працягваецца з ліпеня 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.