У Беларусі падрыхтуюць даклад аб мэтавай пераацэнцы бяспекі Астравецкай АЭС
Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў сваім распараджэннем №158р ад 4 траўня 2017 года стварыў міжведамасную працоўную групу, якая павінна падрыхтаваць нацыянальны даклад аб мэтавай пераацэнцы бяспекі (стрэс-тэсты) Беларускай атамнай электрастанцыі.
Як інфармуе БЕЛТА, групу ўзначаліла начальнік Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Вольга Лугоўская. Даклад па пераацэнцы бяспекі АЭС мусіць быць падрыхтаваны да 31 жніўня 2017 года.
Пры неабходнасці група можа прыцягваць да ўдзелу ў сваёй працы кіраўнікоў і спецыялістаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання ды іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных ураду Беларусі.
Каардынаваць працу будзе міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка.