У Беларусі правядуць перарэгістрацыю партый
У Беларусі правядуць перарэгістрацыю партый. 16 верасня гэта анансаваў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з "палітычным актывам краіны".Ён лічыць, што яшчэ да змены Канстытуцыі варта разгледзець пытанне з партыйнай сістэмай. "Раней мы не займаліся сур'ёзна партыйным будаўніцтвам, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Не было запыту на партыі".
Відаць, цяпер такі запыт ужо ёсць. На сённяшні дзень у Мінюсце зарэгістраваны 15 партый. "Але мы ж разумеем, што гэта не партыі", — так Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра іх. Ён лічыць, што дзесяць партый, якія "патрабуюць новых выбараў", адхіліліся ад сваіх статутаў і задач. Кіраўнік дзяржавы мае на ўвазе нядаўнюю заяву лідараў дзесяці беларускіх партый, якія патрабуюць спыніць гвалт, расследаваць забойствы і катаванні людзей, а таксама на працягу паўгода правесці новыя прэзідэнцкія выбары. Сярод падпісантаў ёсць і лідары партый з рэпутацыяй праўладных. Цікава, што Рэспубліканская партыя пасля заявіла, што чалавек, які ставіў подпіс пад рэзалюцыяй, даўно не мае адносін да яе. Таму засталося 9 партый з 15-ці. Але Лукашэнка ўсё ж згадаў 10.
Беларускі кіраўнік даручыў міністру юстыцыі пільна "паглядзець на ўсе партыі — ці адпавядаюць яны патрабаванням па колькасці, структуры, ці працуюць па сваім статуце". І нарэшце галоўнае — "трэба правесці іх перарэгістрацыю". Колькі пасля яе застанецца апазіцыйных партый, сказаць цяжка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.