У Беларусі спрашчаецца атрыманне сацпадтрымкі для інвалідаў і дзяцей
У Беларусі павысяцца даступнасць і ўзровень сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, а таксама будзе створана адзіная сістэма забеспячэння асобных катэгорый грамадзян тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі. Так агенцтву БЕЛТА пракаментавалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны ўказ ад 15 чэрвеня 2017 г. №211 "Аб удасканаленні парадку прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі".
Інваліды III групы і дзеці, якія маюць патрэбу ў сродках рэабілітацыі, атрымаюць права льготнага забеспячэння такімі сродкамі. Таму з сістэмы дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі выключаецца сацыяльная дапамога на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі.
Інвалідам III групы і дзецям будуць бясплатна выдавацца сродкі рэабілітацыі праз дзяржаўныя арганізацыі аховы здароўя і РУП "Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр". Арганізацыі аховы здароўя будуць забяспечваць іх слыхавымі апаратамі, вочнымі пратэзамі, інсулінавымі шпрыцамі і іголкамі для шпрыц-ручак, тэст-палоскамі, а пратэзна-атрапедычны цэнтр — пратэзамі (артэзам) верхніх і ніжніх канечнасцяў, вырабамі для кансерватыўнага лячэння набытых і прыроджаных дэфармацый ў дзяцей, артэзам на пазваночнік, артапедычным абуткам, пратэзамі малочнай залозы.
Указ таксама пашырае пералік прадметаў гігіены, выдаткі на набыццё якіх будуць кампенсавацца ў рамках выплаты сацыяльнай дапамогі для пакрыцця выдаткаў на набыццё падгузнікаў. Інвалідам I групы і дзецям-інвалідам з чацвёртай ступенню страты здароўя кампенсуюць выдаткі на набыццё падгузнікаў, усмоктваючых майткоў, усмоктваючых прасцін (пялёнак), уралагічных пракладак (ўкладышаў).
Таксама спрашчаецца працэдура звароту па такі від дапамогі: падаць адпаведную заяву ў органы па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне змогуць не толькі інваліды, але і іх блізкія сваякі.
Павялічыцца і дзяржпадтрымка асобных катэгорый малазабяспечаных сем'яў. Напрыклад, сем'ям, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, у якіх бацькі з'яўляюцца інвалідамі I ці II групы альбо адзін з бацькоў з'яўляецца інвалідам I групы, а другі ажыццяўляе яго догляд, даецца права атрымліваць штомесячную сацыяльную дапамогу на максімальна магчымы перыяд — 12 месяцаў.
Указ набывае моц з 1 ліпеня гэтага года.