У Беларусі святкуюць Дзень Перамогі
З гэтай нагоды пройдуць афіцыйныя імпрэзы.
9 траўня Беларусь адзначае Дзень Перамогі ў Вялікай айчыннай вайне. Сёлета спаўняецца 70 гадоў з дня гэтай падзеі. З нагоды Дня Перамогі ў Мінску праходзяць афіцыйныя мерапрыемствы: ускладанне кветак да абеліску на плошчы Перамогі, ваенны парад, канцэрты, гулянні і традыцыйны вечаровы салют. Таксама ў 12.00 ва ўсіх праваслаўных храмах Беларусі прагучаць званы ў памяць пра людзей, якія загінулі ў гады вайны.
У сувязі з афіцыйнымі мерапрыемствамі ў сталіцы з 5.00 часткова абмежаваны рух транспарту. Так, цалкам перакрыты ўчастак праспекта Машэрава ад Чырвонай да Ціміразева. З 11.00 тут пачнецца парад войскаў Мінскага гарнізона і тэатралізаванае спартова-моладзевае шэсце. Пасля завяршэння мерапрыемстваў па горадзе пройдзе ваенная тэхніка, якая будзе вяртацца назад у ваенны гарадок па наступным маршруце: праспект Машэрава, вуліца Ціміразева, Арлоўская, плошча Бангалор, вуліца Сурганава, праспект Незалежнасці, вуліца Старынаўская, ваенны гарадок “Уручча”. Рух на гэтым маршруце будзе паэтапна перакрывацца і аднаўляцца па меры праходжання тэхнікі.
Урачыстасці таксама пройдуць у іншых гарадах краіны — гэта святочныя мітынгі, канцэрты, гулянні.
Фота: Bymedia