У Беларусі вырашылі не ўводзіць пакаранне за непавагу да педагога

У Беларусі вырашылі не ўводзіць пакаранне за непавагу да педагога

Стала вядома, якія змены чакаюць Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Адказнасць змякчылі па 236 складах правапарушэнняў. "Зніжана ніжняя ці верхняя мяжа санкцыі",кажа БЕЛТА Вольга Чупрыс, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. 27 траўня там прайшло чарговае пасяджэнне міжведамственнай экспертнай камісіі па ўдасканаленні заканадаўства аб адміністрацыйнай адказнасці. Чупрыс ёй кіруе.

Са згаданых кодэксаў выключылі паўсотні артыкулаў і каля 150 складаў адміністрацыйных правапарушэнняў. Выключалася ўсё тое, што апошнім часам не выкарыстоўвалася ці насіла фармальны характар (напрыклад, парушэнне тэрмінаў пастаноўкі на ўлік у падаткавікоў). Прадугледжана магчымасць накладання штрафу ў памеры меншым, чым ніжняя мяжа санкцыі — у выпадку, калі ёсць значная колькасць змякчальных абставінаў. Прадугледжана замест адміністрацыйнай адказнасці прыцягненне да прафілактычнай меры — заўвагі ці папярэджання.

Кодэксы былі на грамадскім абмеркаванні. Сцвярджаецца, што з ініцыятывы людзей прадугледжана адказнасць за парушэнне правіл утрымання любых жывёлаў, а не толькі котак і сабак.

Было вырашана не ўводзіць пакаранне за непавагу да педагога. Пра тое, што яго могуць увесці, стала вядома ў сакавіку. Заяўлялася, што "абраза настаўніка ці праява да яго іншай яўнай непавагі дэмаралізуе навучальны працэс". Аднак менавіта гэтае пытанне выклікала спрэчкі. Перамаглі меркаванні, што такая мера не дасць належнага выніку і не будзе эфектыўна ўжывацца на практыцы.

Агулам прапановы ў кодэксы склалі больш за 5 тысяч аркушоў. У бліжэйшыя дні праекты будуць канчаткова дапрацаваны, праведзена іх крыміналагічная экспертыза. Да 1 чэрвеня кодэксы атрымае Адміністрацыя прэзідэнта, будзе зроблены даклад кіраўніку дзяржавы. А да 1 ліпеня іх унясуць на разгляд у Палату прадстаўнікоў.

У Беларусі вырашылі не ўводзіць пакаранне за непавагу да педагога
Вольга Чупрыс / БЕЛТА

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі