У Беларусі з 9 кастрычніка ўводзіцца абавязковы масачны рэжым
У Беларусі з 9 кастрычніка ўводзіцца абавязковы масачны рэжым, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. Нашэнне масак і выкананне дыстанцыі ў грамадскіх месцах абавязковае для ўсіх грамадзян. Гэтае патрабаванне ўнесена ў санітарныя нормы і правілы, якія датычаць прафілактыкі грыпу і COVID-19.
Дагэтуль падобных мер у маштабах краіны не прымалася. Абавязковы масачны рэжым уводзіўся ў асобных гарадах, як нядаўна ў Магілёве. Усё гэта сведчыць пра вельмі сур'ёзную сітуацыю з каранавірусам у Беларусі.
Намеснік міністра аховы здароўя, галоўны санітарны лекар Аляксандр Тарасенка заявіў, што ва ўсіх рэгіёнах краіны і ў Мінску назіраецца "неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя па захваральнасці новай каранавіруснай інфекцыяй". З суботы трэба насіць ахоўныя маскі і ў крамах, і ў грамадскім транспарце ўсіх відаў, і ў аптэках, установах аховы здароўя, на прадпрыемствах. Маска павінна закрываць нос, рот і падбародак.
Кантраляваць выкананне абавязковага масачнага рэжыму будзе санітарна-эпідэміялагічная служба разам з МУС і Мінтрансам. Мер адміністрацыйнага пакарання пакуль не плануецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.