У Брэсце дэпутаты ўпарта ігнаруюць пытанні грамадзян
Прадстаўнікі мясцовага савету не адказваюць нават на заказныя лісты, у атрыманні якіх распісаліся.
Актывісты грамадзянскай ініцыятывы "Сацыяльны офіс" у горадзе Брэсце ўжо ў трэці раз звярнуліся да народных абраннікаў. Папярэднія два лісты так і засталіся без адказу, хоць ужо даўно мінуў 15-дзённы тэрмін разгляду (звароты былі накіраваны яшчэ ў мінулым годзе).
Па словах актывіста кампаніі Юрыя Жыдовіча, за атрыманне апошняга звароту грамадзян асабіста распісаўся Генадзь Масько — кіраўнік гарадскога Савету дэпутатаў.
Жыдовіч: "Спачатку мы напісалі лісты ўсім 38 дэпутатам — ніхто з іх не адказаў у прадугледжаны законам час. Пасля мы звярнуліся да кіраўніка гарадскога Савету дэпутатаў з адным лістом, на які ён не адказаў. Звярнуліся ў трэці раз: нам вядома, што ліст яму дастаўлены, і мы пакуль яшчэ чакаем адказу. Больш звяртацца не будзем, наступны наш зварот будзе ў пракуратуру ці суд".
Ініцыятыва "Народнага кантролю" паўстала пасля шматлікіх зваротаў брэстаўчан ў "Сацыяльны офіс" кампаніі "Гавары праўду". Жыхары горада цікавіліся, што зрабілі канкрэтныя дэпутаты на сваёй пасадзе і наколькі сумленна яны выконваюць свае абавязкі. Акурат пра працу з выбаршчыкамі і запыталіся ў сваіх лістах грамадскія актывісты: колькі разоў дэпутаты сустракаліся з выбаршчыкамі, у якой форме праходзілі справаздачы дэпутатаў і якім чынам яны паведамлялі грамадзянам аб месцы, даце і часе правядзення справаздачы.