У Брэсце крымінальная справа супраць мужа выдаўца незалежнага сайта "Бінокль"
У Брэсце супраць Паўла Гарашчанкі — мужа выдаўца незалежнага сайта "Бінокль" Дар'і Гарашчанка — распачатая крымінальная справа. Павел Гарашчанка затрыманы на 72 гадзіны.
"Сёння ў іх дома і ў офісе фірмы мужа быў ператрус, — распавядае Еўрарадыё галоўная рэдактарка "Бінокля" Ксенія Пятровіч. — Падрабязнасцяў і вынікаў пакуль няма, муж пабываў на допыце і цяпер затрыманы".
26 студзеня ў офіс да Гарашчанкі, які знаходзіцца побач з рэдакцыяй "Бінокля", прыходзілі сілавікі. У межах праверкі праводзіліся "агляды", у тым ліку і дома. Па выніках былі забраныя дакументы, пячаткі, камп'ютары, смартфоны, флэшкі, нататнік. На падставе матэрыялаў праверкі следчыя вырашалі, ці ёсць падставы для завядзення крымінальнай справы (гаворка ішла пра справу "аб нявыплаце падаткаў у буйным памеры").
Сайт і тг-канал "Бінокля" не абнаўляюцца з канца студзеня — у рэдакцыі няма тэхнічнай магчымасці гэта рабіць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.