У Брэсце застрэліўся кіроўца са Следчага камітэта
Уначы 15 ліпеня ў Брэсце застрэліўся 32-гадовы кіроўца Следчага камітэта. Як паведамляе прэс-служба ведамства, смерць мужчыны не мае крымінальнага характару.
Следчы камітэт адзначае, што іх супрацоўнік быў у працоўным адпачынку. Застрэліўся ён, як мяркуецца, з зарэгістраванай паляўнічай стрэльбы. У загінулага быў дазвол на паляванне.
Мужчына быў асабістым кіроўцам кіраўніка Брэсцкага ўпраўлення Следчага камітэта Аляксандра Рахманава, які 11 чэрвеня пайшоў на павышэнне — быў прызначаны намеснікам дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі.
Паводле звестак блогера, афіцэр застрэліўся каля 4-й гадзіны раніцы — стрэл чулі суседзі: дом будаваўся для супрацоўнікаў сілавых структур Брэстчыны. Але трапіць у кватэру загінулага змаглі толькі а 23-й гадзіне, дый тое з дапамогай супрацоўнікаў МНС са спецабсталяваннем.
Побач з загінулым ляжала перадсмяротная запіска. У ёй, нібыта, гаварылася пра грашовыя запазычанасці афіцэра.