У Брусэлі адкрыўся Еўрапейскі фонд у падтрымку дэмакратыі

Адкрыццё Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі адбылося 27 траўня ў Брусэлі, паведамляе charter97.org. У цырымоніі адкрыцця фонду браў удзел міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, яго калега з Літвы Лінас Лінкявічус, кіраўнік камітэта Еўрапарламента па міжнародных справах Эльмар Брок, кіраўнік Камітэта Еўрапарламента па Беларусі Філіп Качмарэк, былы міністр замежных спраў Славакіі, эксперт Нямецкага фонду Маршала Павал Дэмеш, дэпутат Еўрапарламента Марэк Мігальскі, прэзідэнт польскага Фонду міжнароднай салідарнасці Кшыштаф Станоўскі, прадстаўнікі МЗС Бельгіі, мноства амбасадаў, эксперты, аналітыкі, грамадскія дзеячы.



Выканаўчым дырэктарам Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі стаў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Ежы Памяноўскі.



Спецыяльымі гасцямі цырымоніі былі журналісты з Беларусі, Украіны, Туніса, Арменіі і Азербайджана.



Ідэя фонду ў падтрымку дэмакратыі ў краінах-суседзях ЕС узнікла пасля разгону масавай акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года і падзей "арабскай вясны".

Еўрапейскі фонд падтрымкі дэмакратыі будзе падаваць дапамогу журналістам, блогерам, незарэгістраваным НДА, а таксама палітычным рухам. Фонд арыентаваны на падтрымку дэмакратычных рухаў у Беларусі, Алжыры, Арменіі, Азербайджане, Егіпце, Грузіі, Іарданіі, Ліване, Лівіі, Марока, Малдове, Сірыі, Украіне, а таксама ў Палесціне.

"Калі гаварыць пра Беларусь, то відавочна, што Беларусь належыць да бясспрэчнага прыярытэту нашага фонду. Фонд і праз мяне, і праз Польшчу будзе пазітыўна зараджаны Беларуссю", — заяўляў раней выканаўчы дырэктар Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі Ежы Памяноўскі.

Даведка Еўрарадыё:


EED — сумесны палітычны праект Еўрасаюза і ягоных краінаў-сябраў. Палітычнае рашэнне пра яго стварэнне было прынятае ў траўні 2011 года, а пасля зацверджанае рашэннямі Савета ЕС па замежных справах у чэрвені і снежні 2011-га. Пасля дасягнення згоды з боку ўсіх краінаў-сябраў, Еўрапарламента і камісіі/знешняй дыпламатычнай службы ЕС, у кастрычніку 2012 года быў створаны EED — як прыватны фонд пад юрысдыкцыяй Бельгіі, які мае ўласны статут і кіруючыя органы.


Галоўнай мэтай Фонду з'яўляецца выдача прамых грантаў дэмакратычным актывістам і/ці арганізацыям, якія змагаюцца за дэмакратычныя перамены ў Еўрапейскім суседстве і па-за ягонымі межамі, выкарыстоўваючы адмысловыя гнуткія працэдуры. EED можа працаваць і з дапамогай еўрапейскіх арганізацый грамадзянскай супольнасці (напрыклад, палітычных фондаў).


Першая сустрэча Савета EED адбылася 13 лістапада летась у Бруселі. У Савет уходзяць 9 сябраў Еўрапарламента, ягоным старшынём з'яўляецца Эльмар Брок. У снежні EED падпісаў умову на грант ад Еўрапейскай камісіі ў памеры 6,2 млн еўра. У дадатак, некалькі асобных краінаў ЕС і Швейцарыя паабяцалі выдзяліць на дзейнасць Фонда яшчэ 8 млн еўра. Такім чынам, пачатковы бюджэт EED будзе памерам у 14 мільёнаў.


Штаб-кватэра EED будзе знаходзіцца ў Бруселі.

Фота — charter97.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі