Качыянчыч: Змены ў "чорных спісах" не азначаюць зменаў у палітыцы

29 траўня Савет ЕС скараціў спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў. "Зняты ўсе абмежавальныя меры" ў дачыненні да былой намесніцы рэдактара газеты "СБ. Беларусь Сегодня" Ганны Шадрынай і дзвюх беларускіх кампаній — спіртагарэлкавага завода "Аквадзіў" (прадпрыемства падпала пад санкцыі 23 сакавіка 2012 года) і "Спорт-пары" (было пад санкцыямі ад чэрвеня 2011-га).

Мая Качыянчыч, прэс-сакратарка Вярхоўнай прадстаўніцы ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, тлумачыць, што гэты крок не варта ўспрымаць як змену палітыкі ў дачыненні да Беларусі.


Качыянчыч: “Савет ЕС сістэматычна пераглядае заканадаўчыя акты, у якіх ідзе гаворка пра захады ў адносінах да беларускіх функцыянераў і кампаній. Цяпер было вырашана, што больш няма падставаў для таго, каб гэтыя два прадпрыемствы і адзін чалавек заставаліся пад дзеяннем санкцый. Гэта рашэнне было прынята ў межах нашай агульнай палітыкі. Важна падкрэсліць, што гэтыя змены ў "чорных спісах" не азначаюць зменаў у палітыцы ў адносінах да Беларусі”.


Нагадаем, палітычнае рашэнне пра візавыя і эканамічныя санкцыі ў адносінах да Беларусі было прынятае Саветам ЕС 31 студзеня 2011 года ў Брусэлі, калі міністры замежных спраў Еўрасаюза зацвердзілі спіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. Гэтым асобам забаронена наведваць тэрыторыю ЕС, а іх рахункі і маёмасць у краінах Еўрасаюза павінны быць замарожаныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі