У цэнтры Мінска 8 замежнікаў выскачылі з акна чацвёртага паверха
Большасць індыйцаў спалохаліся і ратаваліся праз акно (ілюстрацыйнае фота)
У цэнтры Мінска 8 замежнікаў выскачылі з акна чацвёртага паверха. Здарэнне адбылося ў ноч з 7 на 8 красавіка, паведамляе "Зеркало" са спасылкай на свае крыніцы. Паводле папярэдняй інфармацыі, замежнікі — грамадзяне Індыі. Частка з іх з рознымі траўмамі знаходзіцца ў бальніцы, адзін чалавек у цяжкім стане.
Здарэнне адбылося ў кватэры дома па вуліцы Раманаўская Слабада. У ёй знаходзілася 14 замежнікаў — маладых хлопцаў, якім прыблізна па 22 гады. Па адной версіі, ім пагражаў зброяй (пісталетам ці нажом) "нейкі пакістанец". Большасць індыйцаў спалохаліся і ратаваліся праз акно. Яны самі выклікалі міліцыю. Па іншай версіі, быў міліцэйскі рэйд. З акна скокнулі тыя замежнікі, у якіх не было дакументаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.