У цэнтры Тэль-Авіва два мужчыны расстралялі наведвальнікаў кавярні
Два ўзброеныя мужчыны позна ўвечары 8 чэрвеня адкрылі агонь па наведвальніках кавярні ў цэнтры Тэль-Авіва, перадае Бі-Бі-Сі. Мяркуецца, што нападнікамі былі палесцінцы.
Ахвярамі страляніны, па звестках ізраільскай паліцыі, сталі чатыры чалавекі, яшчэ 16 — параненыя. Спярша паведамлялася пра трох пацярпелых і восем параненых.
Паліцыянты паведамілі журналістам, што адзін з нападнікаў быў арыштаваны на месцы, другога паранілі і шпіталізавалі.
Паведамляецца, што здарэнне адбылося ў непасрэднай блізкасці ад цэнтральнага ваеннага штаба і комплексу будынкаў міністэрства абароны Ізраілю. У гэтым раёне размяшчаецца таксама мноства кавярняў і рэстаранаў.
У паліцыі Тэль-Авіва мяркуюць, што напад быў відавочна накіраваны супраць ізраільцян.