У Чавусах сілавікі некалькі разоў стралялі на полі ў мужчыну з сякерай
10 жніўня ў Чавусах сілавікі стралялі ў мужчыну з сякерай. На відэа бачна, як міліцыянты акружаюць мужчыну, які трымае ў руках сякеру. Праз нейкі час раздаюцца некалькі стрэлаў, і мужчына падае. Пасля гэтага адзін з сілавікоў распыляе яму ў твар балончык.
Потым да месца здарэння прыязджае хуткая дапамога. Ці застаўся мужчына жывы, пакуль не вядома.
Па словах мясцовых жыхароў, мужчына быў нецвярозы і ў яго адбыўся канфлікт з жонкай.
Прэс-служба МУС паведаміла, што мясцовыя жыхары выклікалі міліцыю на нецвярозага чалавека з сякерай, які ствараў пагрозу навакольным. Мужчына не рэагаваў на папярэджанні і махаў сякерай у бок міліцыянтаў. Пасля папераджальных стрэлаў у паветра супрацоўнікі міліцыі выкарысталі зброю супраць яго.
Паведамляецца, што мужчына шпіталізаваны, яго стан здавальняючы, небяспекі для жыцця няма. Гэта 34-гадовы мясцовы жыхар, які мае некалькі судзімасцяў. На яго пачалі крымінальную справу за пагрозу гвалту супраць міліцыянтаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.