У Чэхіі затрымалі кіраўніка кабінета прэм’ера і былых міністраў
У найбуйнейшай антыкарупцыйнай аперацыі ў гісторыі краіны ўдзельнічаюць 400 паліцэйскіх.
13 чэрвеня чэшская паліцыя правяла найбуйнейшую антыкарупцыйную аперацыю ў гісторыі краіны, затрымаўшы кіраўніка кабінета прэм'ера, былых міністраў, кіраўніка ваеннай выведкі і лабістаў. У аперацыі бяруць удзел 400 паліцэйскіх.
З самага пачатку паліцыя не выдавала ніякіх падрабязнасцяў. Прэс-сакратар аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю Павел Хантак падаў толькі сухую інфармацыю:
“Паліцыя працягвае аперацыю, якая ў дадзены момант знаходзіцца пад кантролем генеральнага пракурора. Усе крокі былі афіцыйна ўзгодненыя і здзяйсняюцца ў адпаведнасці з законам”.
Тым часам апазіцыя вырашыла скарыстацца сітуацыяй. Сацыял-дэмакраты патрабуюць адстаўкі прэм’ера і правядзення новых выбараў з прызначэннем Кабінета міністраў. Сітуацыю пракаментаваў дэпутат ад сацыял-дэмакратаў Еранім Тэйц:
“Гэта, безумоўна, надзвычайнае развіццё, яшчэ нядаўна я не мог падумаць, што ў якой-небудзь краіне паліцыя можа правесці ператрус ў канцылярыі ўрада. Калі спраўдзіцца інфармацыя аб затрыманні кіраўніка кабінета прэм’ера Яны Надзевай, то сітуацыя настолькі сур'ёзная, што мы можам нават пераплюнуць некаторыя бананавыя рэспублікі”.
Пакуль складана сказаць, як паўплывае карупцыйная афера на палітычную кар’еру прэм’ера Пэтра Нэчаса. Сам жа палітык 13 чэрвеня заявіў, што ў адстаўку не збіраецца:
“Асабіста я ўпэўнены, што не здзяйсняў ніякіх несумленных учынкаў і мае калегі таксама. У мяне няма падставаў лічыць, што ўрад мусіць сысці ў адстаўку”.
Вядома, што паліцэйскія рэйды звязаныя з доўгатэрміновым паліцэйскім расследаваннем сувязяў паміж карумпаванымі бізнесменамі і дзяржаўнай адміністрацыяй. Чэшскія СМІ ужо доўгі час гаварылі пра завышаныя кошты падчас заключэння кантрактаў, звязаных з аказаннем юрыдычных, IT-паслуг, а таксама з закупкамі абсталявання. Дзяржаўныя тэндэры часта выйгравалі кампаніі з ананімнымі гаспадарамі з афшорных зон.
Таксама паліцыю маглі зацікавіць незразумелыя даходы некаторых палітыкаў. Напрыклад, інтэрнэт-сайт lidovky.cz піша пра былога міністра сельскай гаспадаркі Івана Фукса, які стаў адным з галоўных герояў паліцэйскіх рэйдаў. Ён аплачвае іпатэку за кватэру ў элітным комплексе ў памеры 1 мільён 216 тысяч долараў. Былы палітык штомесяц мусіць плаціць каля 8 тысяч долараў. У той час, як, згодна з падатковай дэкларацыяй, за мінулы год штомесяц ён зарабляў каля 10 тысяч долараў без выліку падаткаў і яшчэ 35 тысяч долараў атрымаў у падарунак.
Трэба дадаць, што на пятніцу 14 чэрвеня прэзідэнт Чэхіі Мілаш Зэман запланаваў сустрэчу з прэм’ер-міністрам Пэтрам Нэчасам, кіраўніком паліцыі і лідарам апазіцыі. Яны абмяркуюць палітычны крызіс, у які трапіла краіна.
Фота: france24.com